Берасце: старшыня выбарчай камісіі «прыкрывае» фальсіфікатараў, а міліцыя дапамагае знішчаць доказы


Смелы эксперымент берасцейскіх актывістаў стаўся доказам фальсіфікацыяў падчас выбараў. Цяпер улады ўсяляк спрабуюць «замесці сляды».

Падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе актывісты Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк і Сяргей Вакуленка, зладзілі эксперымент на выбарчых участках № 60 і № 53 Маскоўскага раёну Берасця. Сутнасць эксперымента – у замене выбарчых бюлетэняў на пустыя аркушы. Чыстыя паперы кінулі ў скрыні для галасавання, а бюлетэні пакінулі сабе. Але падчас падліку чальцы камісіяў… іх не знайшлі!

Актывісты паказалі вынесеныя з выбарчага ўчастку бюлетэні

З тых часоў актывісты пішуць скаргі ў розныя інстанцыі, але паўсюль атрымліваюць адмовы. ЦВК, пракуратура, міліцыя – усё заплюшчваюць вочы і не караюць людзей учынілі злачынствы падчас выбараў прэзідэнта. Больш за тое, органы ўлады знішчаюць доказы.

«Я прыйшоў да высновы, што старшыня Маскоўскай раённай Берасця камісіі па выбарах прэзідэнта Беларусі Галіна Янголенка здзейсніла дзеянні, якія відавочна выходзяць за межы прадстаўленых ёй правоў і паўнамоцтваў. Пракуратура Берасця даручала Маскоўскай раённай камісіі Берасця зладзіць праверку фактаў, выкладзеных у маім заяве. Аднак даручэнне пракуратуры не выканалі, камісія не разглядала маю заяву і рашэнне па ім не прымала. Маю заяву аднаасобна разглядала старшыня камісіі Галіна Янголенка, якая не мае на гэта паўнамоцтваў. Я лічу, што Янголенка перавысіла паўнамоцтвы, дадзеныя ёй Выбарчым кодэксам, бо не вынесла заяву на разгляд калегіяльнага органа, г.зн. камісіі, тым самым пазбавіўшы членаў камісіі ўдзелу ў вырашэнні пытанняў, выкладзеных у маім звароце», – гаворыць Дзяніс Турчаняк.

Турчаняк намагаўся азнаёміцца з матэрыяламі праведзенай Янголенка праверкі, але ў лісце Цэнтральнай камісіі ад 4 лістапада яму паведамілі, што гэтыя дакументы захоўванню не падлягаюць.

Міліцэйская праверка завяршылася вынясеннем пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Больш за тое, пасля праверкі зніклі доказы – бюлетэні, якія актывісты перадалі ўчастковаму інспектару падчас праверкі.

«Гэтыя бюлетэні зʼяўляюцца важным доказам, але на дадзены момант не вядома дзе яны знаходзяцца. Не хочацца думаць, што ў сценах міліцыі бюлетэні хтосьці незаконна выкраў і знішчыў. Мы просім пракурора гораду адрэагаваць», – гаворыць Турчаняк.

Актывісты просяць пракурора скасаваць пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, бо лічаць, што міліцыя правяла праверку не ў поўным абʼёме. У прыватнасці, не былі апытаныя працаўнікі міліцыі, якія кругласуткава дзяжурылі на гэтых выбарчых участках. Таксама не былі далучаныя да матэрыялаў праверкі і не вывучаныя выніковыя пратаколы аб выніках галасавання, міліцыянты не высветлілі, якія ж бюлетэні падлічылі сябры камісія, калі ў скрынях былі чыстыя аркушы.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары