Берасце: Падчас акцыі «дармаедаў» улады правядуць дзіцячае свята

video

Выкарыстоўваць дзяцей падчас палітычных акцыяў берасцейскія ўлады пачалі ў 2011-м.

На 5 сакавіка на плошчы Леніна ў Берасці запланаваная акцыя пратэсту супраць дэкрэту № 3. У пятніцу ў горадзе з’явіліся абʼявы, што на плошчы Леніна 4 і 5 сакавіка будзе ладзіцца дзіцячае свята – «Адкрыццё летняга сезона ў гарадскім парку».

Цягам усіх выходных з 11:00 да 15:00 дзяцей бясплатна катаюць на паравозіку, кані і осліку. На плошчы гучна грае музыка.

Адзін з працаўнікоў парку прызнаўся, што імпрэза – ініцыятыва ўладаў гораду і кіраўніцтва гарадскога Парку культуры і адпачынку імя Першага мая.

Напаўняльнасць плошчы дзецьмі ўсклалі на аддзел адукацыі, у некаторых школах Берасця аб гэтым абвесцілі напярэдадні, таксама некаторыя жыхары гораду атрымалі паведамленні пра імпрэзу праз смс, абвестка пра свята з’явілася таксама каля ўваходу ў парк.

Падобны сцэнар берасцейскія ўлады ўжо выкарыстоўвалі ў 2011-м, падчас маўклівых акцыяў пратэсту: тады на плошчы Леніна арганізавалі спартовае свята.

Збор удзельнікаў акцыі пратэсту запланаваны на плошчы Леніна ў нядзелю а 12-й. «Белсат» будзе весці наўпроставае злучэнне з месца падзеяў на старонцы і ў эфіры.

АС

Глядзі таксама
Каментары