Берасце далучылася да забегу да Дня Волі


Прававы інспектар прафсаюзу РЭП Уладзімір Малей і актывіст арганізацыі Аляксандр Сахарук выйшлі на забег «Памяць» у цішотках прысвечаных 100-годззю абвяшчэння БНР і з нацыянальным сцягам.

Прабег «Памяць» праводзіцца ўжо ў 30 раз і прысвечаны памяці берасцейцаў, якія загінулі ў Афганістане. У гэты раз у ім бралі ўдзел каля 400 чалавек.

«Наша мэта ўшанаваць памяць людзей якія загінулі ў Афганістане і нагадаць пра вялікае свята якое мы будзем адзначаць заўтра – 100 год абвяшчэння БНР», – заявіў belsat.eu Уладзімір Малей.

Актывіст прафсаюзу РЭП Аляксандр Сахарук фінішуе са сцягам прафсаюзу у цішотцы прысвечанай 100-годззю БНР падчас забегу Памяць
Прававы інспектар прафсаюзу РЭП Уладзімір Малей удзельнічае ў забегу на 10 кіламетраў з нацыянальным сцягам

Адмыслова для прабегу актывісты падрыхтавалі цішоткі. Аляксандр Сахарук бег кіламетр, з бел-чырвона-белай павязкай на галаве і прафсаюзным сцягам у руцэ.Уладзімір Малей бег дзесяць кіламетраў з нацыянальным сцягам. Але адразу пасля забегу прыехала міліцыя.

«Супрацоўнікі міліцыі прыехалі, бо атрымалі званок, што нехта бегае з забароненым сцягам. Мы растлумачылі, што гэты сцяг наш нацыянальны і пад ніякія забароны не пападае, пасля чаго міліцыя з’ехала», – кажа Аляксандр Сахарук.

Для забегу актывісты адмыслова падрыхтавалі цішоткі прысвечаныя 100-годззю БНР

Нагадаем, што 24 сакавіка беларусы свету ладзяць вольны забег да Дня Волі.

Алесь Ляўчук, belsat.eu. Фота – Мілана Харытонава

Стужка навінаў