Берасцейскае «Дынама» знаходзіцца на мяжы банкруцтва


Футбольны клуб прадае ўласны офіс, каб выжыць. Аўкцыён адбудзецца 8 ліпеня. У выпадку, калі пакупнік так і не знойдзецца, клуб можа быць абвешчаны банкрутам.

У мінулым сезоне футбалісты «Дынама» некалькі разоў затрымлівалі пачатак матчаў, каб звярнуць увагу на фінансавыя праблемы ў каманды. Найлепшыя футбалісты ўжо сышлі з «Дынама», у тым ліку і ўсе легіянеры.

Сёлета клуб не змог правесці паўнавартасную падрыхтоўку да сезону і быў дапушчаны да нацыянальнага чэмпіянату толькі пад гарантыю аблвыканкаму. Улады Берасцейскай вобласці абяцалі пагасіць усе даўгі дынамаўцаў, але слова так і не стрымалі. Ужо некалькі месяцаў гульцам і працаўнікам «Дынама» не выплочваецца так званая бюджэтная частка заробку – 2 мільёны рублёў.

Нягледзячы на дзіравы бюджэт, гуляючы фактычна за бясплатна, каманда дабралася да паўфіналу Кубка Беларусі, перамагла ў рамках чэмпіянату заможнае менскае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр».

Фанатаў «Дынама» прапускалі праз аўтазак, а футбалістаў перад выхадам на поле абшуквае АМАП

Сёлета заўзятары набылі камандзе форму, чым выклікалі цікавасць да сябе з боку пракуратуры, якая ўгледзела ў дзеяннях заўзятараў парушэнне заканадаўства.

Заўважым, што на пачатаку сезону заўзятары «Дынама» ігнаравалі хатнія гульні каманды з-за прыніжаючай чалавечую годнасць працэдуру праходу на стадыён праз міліцэйскі аўтазак.

Падчас учорашняга матчу супраць салігорскага «Шахцёра», які берасцейцы выйгралі з лікам 3:2, АМАП абшукаў усіх футбалістаў перад уваходам на стадыён.

«Не ведаю, што чакае нашую каманду, не ведаю, ці застануся я ў клубе, але фактам застаецца тое, што каманду пакінуць некалькі галоўных футбалістаў», – заўважыў пасля гульні галоўны трэнер берасцейцаў Сяргей Кавальчук.

Адзіны шанец адтэрмінаваць банкруцтва каманды – продаж клубнага офісу. Аўкцыён адбудзецца 8 ліпеня. Паводле эксперта, які пажадаў застацца ананімным, будынак можа каштаваць $ 870 тыс. «Нават калі яго прададуць банкруцтва берасцейскага «Дынама» будзе адтэрмінаванае на некалькі месяцаў. У іх даўгоў на 10-12 мільярдаў рублёў».

Чытайце таксама >>> Берасцейскі журналіст Алесь Ляўчук быў асуджаны на суму 9 мільёнаў рублёў за інтэрвю з капітанам берасцейскага «Дынама» Раманам Васілюком.

ЯЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары