Берасцейцы прымусілі аўтамабіліста зняць з машыны налепку, якая абражае памяць пра вайну


Некарэктная налепка на машыне берасцейца прымусіла яго землякоў звярнуцца ў міліцыю. У выніку ўладальнік аўтамабіля быў вымушаны развітацца з падобнай агітацыяй.

«Заехалі ў двор уласнага дому, – распавёў belsat.eu берасцеец Андрэй. – Жонка заўважыла налепку на заднім шкле побач з домам прыпаркаванага «БМВ». Нам сапраўды не спадабалася тое, што на агульны агляд выстаўлена такое «мастацтва». Жонка адразу ж патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла пра ўбачанае і папрасіла разабрацца. У міліцыі вельмі хутка зрэагавалі і ўжо праз 10 хвілін «уазік» з двума супрацоўнікамі пад’ехаў да нашага дому. Яны доўга з кімсьці размаўлялі па мабільніку. У рэшце рэшт кіроўца, ён жа гаспадар машыны, падышоў да «УАЗіка», і яны запаўнялі нейкія паперы. Пасля чаго «уазік» з’ехаў і «БМВ» знікла са двара. На наступны дзень машына стаяла ў нас у двары, але ад налепак засталося толькі “1941-1945″».

Паводле суразмоўцы belsat.eu апошнім часам напярэдадні святкавання перамогі ў Другой Сусветнай актывізуюцца людзі, якія нібыта хочуць ушанаваць памяць тых, хто перамог фашызм, але выказваюць ушанаванне часам вельмі дзіўным чынам.

«У Фэйсбуку падобнага чалавека можна забаніць, я не ўхваляю і там такія карцінкі. Але зусім іншае гэта месца, дзе забаніць кнопкай нельга. Хоць як апынулася «забаніць» магчыма званком у 102. І ў дадзеным выпадку дзякуй міліцыі».

Нагадаем, што выкарыстанне любых налепак на шкле аўтамабіля забараняе артыкул 194.1 правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў