Берасцеец, які ваяваў за ДНР: «Што адчуў, калі забіў першую ахвяру?» – «Напэўна, нічога. Калі страляў, бачыў толькі каску»


Ён падтрымліваў Еўрамайдан, але паехаў бараніць жыхароў Данбасу ад «кіеўскай хунты». Прайшоў ілавайскі кацёл, еў сабак і п’яны штурмаваў украінскі блокпост. 22-гадовы хлопец некалькі месяцаў ваяваў за ідэю і толькі ў акопах зразумеў, што стаў ахвярай «партыі вайны».

[vc_single_image image=”368277″ img_size=”large”]

– Мне 22 гады. Жыву ў Берасці. Да вайны працаваў мантажнікам, атрымліваў добрыя паводле нашых мерак грошы, каля $ 1000 на месяц. Цяпер займаюся машынамі і часам езджу ў Піцер працаваць. Хобі – гісторыя і ваенная археалогія.

Юрась Высоцкі: Ну цяпер заробак $ 1000 у Берасці няпроста знайсці. І што, ты вось так кінуў нармальную працу і паехаў туды, дзе забіваюць?

– Так. Я ехаў туды не па грошы. У мяне даволі забяспечаная сям’я.

– Навошта? Гэта ж чужая краіна і чужая вайна.

– Я ж не адзін такі дурань. У мяне сваё бачанне гэтай вайны. Ёсць некалькі знаёмых па той бок акопаў, і я паважаю іх выбар і іх погляды. Гэта жаданне ўбачыць і адчуць нешта новае. І ў кожнага, хто туды ехаў, напэўна ёсць праблемы: маральныя, сямейныя, застой, адным словам. Гэта ўсё палітыка, і кожны ў меру сваіх магчымасцяў ацэньвае тое, што адбываецца. І людзі разбіваюцца на два лагеры.

– Ты кажаш, у цябе свой погляд на гэтую вайну. Які?

– Наагул гэта яшчэ з Майдану пачалося. Я падтрымліваў тых, хто выйшаў на вуліцы ў Кіеве. Выглядала гэта ўсё як імкненне да лепшага жыцця. Потым там з’явілася агрэсія ў дачыненні расейцаў, я, вядома, не маскаль і не кацап, але гэта ўжо станавілася дзіўным. Яны пачалі лічыць, што цяжка жывуць з-за расейцаў. Мне гэта стала не цікава, лічыў, што гэта іхная справа: даб’юцца – малайцы, не атрымаецца – ну і ладна. Потым Крым, рэферэндум і ўваходжанне паўвостраву ў склад РФ. Я не звярнуў на гэта ўвагі, там шмат дзіўнага. Але як па мне, армія РФ проста забяспечыла правядзенне рэферэндуму. Людзі самі хацелі выйсці са складу Украіны. Пасля ва Украіне пачаўся хаос з-за адсутнасці нармальнай улады. Потым быў Славянск, тады я думаў, што будзе, як у Крыме, але там расейскіх жаўнераў не было. Людзі самі паўсталі і не хацелі выхаду з складу «незалежнай». Яны лічылі, што кормяць краіну. Калі ўсе скакалі на Майдане, яны працавалі, а грошы ішлі ў Кіеў. Ну і як усё абярнулася, усе ведаюць. Пачаліся сутычкі. І я пачаў сачыць за навінамі па абодва бакі канфлікту. І з часам зразумеў, што ўкраінскі бок занадта шмат хлусіць і хавае, а так званая Наваросія – гэта звычайныя людзі, якія не хацелі ламацца пад новай уладай.

Калі пачаўся летні прарыў ВСУ, я вырашыў, што паеду. І трапіў я тады на ліквідацыю Ілавайскага катла. Пасля сямі месяцаў зразумеў, што ўсе прадажныя, як і Украіна, так і тая ж Наваросія. Мы адзін раз набылі ва ўкраінскіх вайскоўцаў мінамёты, якія прызначаліся для абстрэлаў іх жа пазіцыяў.

[vc_single_image image=”368275″ img_size=”large”]

«Ды там усе баяліся смерці»

– Гэта былі афіцэры ці шараговыя?

– Афіцэры, скарысталіся трафейнай рацыяй і дамовіліся. Яны пасля нашай размовы нават каналу не мянялі каля тыдня. І той жа афіцэр выдатна разумеў, што мы чуем іх. Былі і з нашага боку пацукі, адзін мой знаёмы са штабу, адправіў калону на заняты праціўнікам населены пункт. У выніку каля 150 загінулых і 200 трапілі ў палон. Але гэта быў пік бітвы за аэрапорт. Калі была бойня, ён ужо рухаўся ў бок мяжы з РФ, з круглай сумай у кішэні.

– Распавядзі пра Ілавайск.

– Ілавайск мы замыкалі з боку Старабешава. Я тады быў гранатамётчыкам. Там было самае сапраўднае пекла для ВСУ, мы стараліся не забіваць і прымушалі здавацца ў палон. Жаўнеры выбіраліся з катла, пераадзеўшыся ў звычайнае адзенне, хавалі зброю ў лясах, у азёрах. Ды там усе баяліся смерці. Мая рота не давала ім выйсці са зброяй, на нас высунулася калона танкаў, штук 5-7. І ўсё думалі што нам дупа, мой РПГ7 не даставаў, а супрацьтанкавай зброі ў нас не было, у асноўным стралкоўка і гранатамёты. Але нам удалося іх спалохаць, у выніку яны выйшлі без стратаў, а зброю і танкі аддалі нам проста без бою.

– На відэа адтуль бачна, як па ўкраінцах страляюць, калі яны едуць праз калідор.

– Было і такое, але ўпэўнены, што яны выходзілі са зброяй і тэхнікай. У іх тады былі страшэнныя страты.

– А ў вас?

– Таксама былі, але не так шмат. У маёй роце адзін загінуў і тры параненыя.

– У цябе ёсць сям’я?

– Сям’ёй яшчэ не абзавёўся. Ёсць дзяўчына.

–  І яна ведала, дзе ты?

– Я сказаў ёй за пару дзён да ад’езду, і яна з’ехала ў Варшаву, і нават не захацела праводзіць.

– А бацькі? Табе не было іх шкада? Я вось гляджу на фота з пахавання гэтага хлопца з Берасця, які там загінуў. Ажно не па сабе становіцца.

– Было шкада, вядома. Я не ведаў, як з гэтым справіцца. Пасля Ілавайску я вярнуўся дадому на тры дні, і атрымалася іх пераканаць, што ўсё будзе добра. А «Тараса» шкада. Калі шчыра, мне шкада ўсіх: сваіх, чужых – без розніцы. Мне давялося хаваць там свайго блізкага і дарагога сябра. Яму было 18 гадоў. Знайшоў яго маці і паведаміў дрэнныя навіны. Я на сабе адчуў яе боль, і пасля гэтага я з’ехаў дадому, зразумеўшы, што больш я не вытрымаю.

[vc_single_image image=”368278″ img_size=”large”]

«заўсёды здараліся цікавыя і вясёлыя моманты, мабыць, толькі гэта і хочацца ўспамінаць»

– Ён быў з Беларусі?

– З Крыму. Беларусаў я там сустракаў два разы, і абодва былі з усходніх абласцей, Гомель або Магілёў, дакладна не памятаю.

– Калі б была магчымасць вярнуцца на некалькі месяцаў назад, ты б паехаў туды яшчэ раз? Не шкадуеш, што пабываў на вайне?

– Я ніколі не буду шкадаваць, што паехаў туды. Я ведаў, што дапамагаю людзям, і сам не адзін раз бачыў забітых украінцамі мірных. У мяне ёсць магчымасць паехаць назад, але ваяваць я дакладна не буду, калі вярнуся, то проста, каб пабачыцца з таварышамі і дапамагчы цыгарэтамі ды новым абуткам. Наагул гэта памяць на ўсё жыццё, тое, што служыў у выведцы, дало сваё, мы не сядзелі на месцы, і заўсёды здараліся цікавыя і вясёлыя моманты, мабыць, толькі гэта і хочацца ўспамінаць.

– На што ты там жыў? Табе плацілі?

– Толькі свае і спонсарскія, я як камузводу атрымліваў гуманітарку і размяркоўваў паміж сваімі. Заробку ў добраахвотнікаў не было.

– Што значыць спонсарскія?

– Быў там гуманітарнік. Падкідваў на цыгарэты.

– Мясцовы бізнесмен?

– З Масквы. Гэты мужык збіраў грошы і на негуманітарную дапамогу: браня, начнікі, прыцэлы. А «Спутник и Погром» нам БТР набылі ў РФ, але без арудыя.

«Часамі галадалі. Былі моманты, калі елі сабак»

– А гэтыя гумканвоі з Расеі, пра якія столькі шумелі, – жаўнеры з іх нешта атрымлівалі?

– Гэта рэальна гуманітарка. Мы атрымлівалі ежу: кансервы, каўбасу, крупы. Але большую частку гуманітаркі людзям раздавалі.

– Карацей, на фронце ты не галадаў.

– Часамі галадалі. Былі моманты, калі елі сабак. Пад Мар’інкай гэта было. У асноўным ежы хапала, але тады з-за абстрэлаў прывезці не маглі.

– А мясцовыя як да вас ставіліся?

– Добраахвотнікаў любілі.

– З табою ваявалі толькі добраахвотнікі?

– Пераважна так, але былі і мясцовыя. У маім узводзе было 80 % расейцаў.

– А мясцовых байцоў чаму не любілі?

– У нашым падраздзяленні усё добра было. А ў іншых, чыста з мясцовых… Яны кралі, пілі. І сядзелі ў апалчэнні толькі з-за заробку.

– Колькі ім плацілі?

– $ 160 атрымліваў шараговы і да $ 350 афіцэры. Нягуста, але на жыццё там хопіць. Ва ўсіх жа сем’і.

[vc_single_image image=”368279″ img_size=”large”]

– Чаму ты думаеш, што мясцовыя да вас добра ставіліся? Можа, яны вас проста баяліся? У вас зброя, якія прэтэнзіі вам можна прад’явіць…

– Нам мясцовыя насілі ежу на пазіцыі: суп, мёд, бліны. Мяне нават сваталі, каб я дзяўчыну забраў адтуль.

– Прыгожая хоць?

– Так. Але па чутках шкура.

– А як там з гэтым на вайне?

– Ды ніяк. «Маскаль» – хлопец з Масквы, знайшоў сябе дзяўчыну, кухарку нашую. Мясцовыя стараліся цапануць менавіта расейца, у майго сябра «Чыты» была дзяўчына прадавачка з мясцовай крамы.

«Калі страляў, бачыў толькі ягоную каску»

– А як ты стаў камузводу? Ты служыў у Беларусі?

– Не. Я харызматычны і разбіраюся ў ваеннай стратэгіі. Гэта маё хобі.

– Зброяй дзе навучыўся карыстацца?

– Паляванне, страйкбол. 

– Што ты адчуў, калі забіў сваю першую ахвяру?

– Напэўна, нічога. Калі страляў, бачыў толькі ягоную каску. Ён быў занадта высокі. Вышэй за драўляны плот, праз які я выпусціў увесь ражок і склаў яго.

– Гэта быў блізкі бой?

– Метраў 25-40. Другога і трэцяга ў той жа дзень, гранатамётам у акно.

– Памятаеш, колькі іх усіх было?

– Прыкладна так. Але называць лічбу я не хачу.

– Якая ўжо цяпер розніца, адзін ці сто адзін?

– Пасля першага ніякай.

«Аднойчы п’яныя ўдваіх знішчылі блокпост»

– Ты знаёмы з «Матаролам», «Гіві»? Яны самыя тытулаваныя ў ДНР.

– З «Маторам» знаёмы, а «Гіві» нават не бачыў.

– І што думаеш пра «Матаролу»? Ва ўкраінскіх СМІ яго называюць монстрам.

– Монстр не ён, а яго байцы. Хоць і ён не з нясмелага дзясятка. Выдатны мужык.

– Ты ж, здаецца, расчараваўся ў гэтай вайне, і я так разумею, што ў ідэі Наваросіі таксама?

– Раней падтрымліваў, але з такім стаўленнем больш не. Уся ўлада прадажная.

– Адчуваеш сябе падманутым? Што праўда, ты сам ашукаўся і туды паехаў.

– Не, не адчуваю. Ідэю, дзеля якой я з’ехаў, прадалі па дарозе. А я атрымаў тое, чаго чакаў.

– Ты не баішся, што ў Беларусі цябе КДБ знойдзе? З пункту гледжання беларускага заканадаўства ты быў наймітам. Ці я памыляюся?

– Найміт гэта калі за грошы, а я іх не атрымліваў, але калі знойдуць – блага будзе гэта адназначна.

– Як забаўляліся, калі было спакойна?

– Б**! Не ведаю, як і апісаць.

– Апісвай, як было.

– Гонкі на БМП. Аднойчы п’яныя ўдваіх знішчылі блокпост. Займаліся хуткасным размінаваннем. Пілі гарэлку з ВСУ.

– Гэта як?

– Па рацыі выпадкова вылічылі пазіцыю карэктыроўшчыка і дамовіліся з ім гарэлкі папіць. Ён узяў закускі і выпіць. Мы таксама. Пілі на нейтралцы ў кустах. А блокпост мы чмялямі закідалі і 15 аўтаматаў прынеслі.

– Дзе ДНР узяла ўсе гэтыя чмялі і іншае зброю?

– Хз… трафейныя, хутчэй за ўсё.

– Калі б у Беларусі пачалася вайна і Гомельская вобласць захацела аддзяліцца… ты б ваяваў за Гомельскую Народную Рэспубліку або за ўрадавыя войскі?

– Я б не ваяваў. Вучыў бы людзей. Але, які бок сказаць цяжка, хутчэй за ўсё ўрад.

Размаўляў Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў