«Белыя крылы» перамаглі: зборная Беларусі па футболе мацней за Нарвегію


Беларуская зборная згуляла таварыскі матч у Осла.

Беларускія футбалісты атрымалі перамогу ў матчы з нарвежцамі – 1:0.

Футбольная зборная Беларусі мінімальнай перамогай скончыла ў Осла таварыскі двубой супраць каманды Нарвегіі. Першы тайм праходзіў з перавагаю гаспадароў, якія бліжэй да яго канца мелі некалькі магчымасцяў адкрыць лік, аднак у выніку забітых мячоў мы не ўбачылі.

Беларусы таксама рэдкімі вылазкамі турбавалі ўладаранні брамніка Эр’яна Нюланда, аднак з ударамі Цімафея Калачова і Аляксандра Мартыновіча ён паспяхова даў рады. Пасля перапынку вынік сустрэчы вызначыў прыгожы ўдар Сяргея Крыўца, які выйшаў на замену і замкнуў дакладны пас Міхаіла Гардзейчука. Адбылося гэта на 56-й хвіліне, і часу адгуляцца ў гаспадароў было шмат. Аднак з неверагоднаю колькасцю атак, якую яны абрынулі на нашую браму, беларускія абаронцы разам з галкіперам Гарбуновым справіліся на выдатна.

Zrzut ekranu 2016-08-31 o 21.05.29

З мячом гулец зборнай Беларусі Іван Маеўскі

Дэбют дружыны Аляксандра Хацкевіча ў новай чорнай форме з эмблемаю «белых крылаў» можна лічыць паспяховым. Цяпер застаецца перанесці поспехі таварыскіх двубояў на глебу афіцыйных. Гэты шанец з’явіцца ўжо 6-га верасня, калі ў межах адбору да мундыялю мы на «Барысаў-арэне» прымем Францыю.

Гульня стала апошняй праверкай перад стартам кваліфікацыі да Чэмпіянату свету па футболе-2018. Першы матч у яе межах зборная Беларусі правядзе дома 6 верасня – супраць французскай зборнай.

НМ, belsat.eu, фотаздымак з «Instagram» Беларускай федэрацыі футболу, Ёнас Свенсан, АБФФ

Стужка навінаў