«Белые розы» і «Brutto», свае-чужыя грошы, выбары без выбару… Нататкі ўкраінкі пра Беларусь

photo

Беларусь цікавіць украінцаў. Асабліва студэнтаў ды моладзь. Беларусы – «справжні брати» – мову якіх заўжды слухаеш з задавальненнем. Пра Беларусь ва Украіне адносна шмат пішуць ды кажуць – усё ж такі паўночныя суседзі. Ёсць міфы, ёсць праўда – каб спраўдзіць, варта паехаць самому. Пра свае ўражанні ад Горадні і Беларусі піша жыхарка Львову Хрысціна Рутар.

Восень – найлепшы час. Паехаць у Беларусь – цікава і адносна проста. Тут не трэба захмарных грошаў. Калі хочаш пабачыць Беларусь у колеры, як выявілася, восень – найлепшы час. Цудоўныя дагледжаныя скверы і паркі апранаюцца жоўта-гарачым ды баграным колерамі і, што цешыць, лісце прыбіраць не паспяваюць. Прыўкрасна! Пад нагамі шапаціць лісце, пры гэтым ты не баішся трапіць у якую яму.


Пра «Белые розы» і «Brutto». Беларусь – гэта калі ў цябе ў навушніках грае «Brutto», а ў маршрутцы лунае «Белые розы» Шатунова – і ты расчаравана думаеш: «Ого, як усё дрэнна…» Але раптам трэк змяняецца і ты чуеш родны «Океан Ельзи». Ужо не нацягваеш навушнікі, вывучаеш плэйліст і рэакцыю людзей. Праз некалькі «белыхроз» з далёкіх 90-х раптоўна і нечакана чуеш украінскі «Бумбокс». Так, мабыць, найлепш пачынаеш разумець беларусаў – наколькі рознымі яны могуць быць.

Пра настольны футбол. Прыемна, што ў Горадні ёсць месцы, дзе можна не проста паесці, але і атрымаць асалоду ад месца, у якім знаходзішся. Развіваецца эстэтыка гораду – з’явіліся атмасферныя бары. Незразумелы момант: у бары стаіць кікер (настольны футбол), нядзеля, вечар, людзі сядзяць за стойкай… – і ніхто ў яго не грае. Ментальнасць?..

Пра «Цягнік Міру» ААН. Розныя акцыі ад ААН, тыпу, Беларусь адкрытая для свету. Змяняецца ды заўвалёўваецца. Спадзеў, што гэтыя акцыі будуць змяняць беларусаў, іх свядомасць.

Пра «мабільнасць». Балючая для мяне тэма ў Беларусі – мабільная сувязь. Ва Украіне няма праблемы ані з пакупкай карткі, ані з безлімітнымі званкамі. А тут і пашпарт давай, і за размовы плаці немалую суму… Здзівіла, карацей.

Памяткі з падарожжа. Сувеніры – зусім не праблема – і вырабы з лёну, шкла, і паштоўкі ды кнігі па-беларуску таксама можна знайсці. Галоўнае – ведаць месцы: што ў Менску, што ў Горадні.


Пра Нёман. Цудоўна, калі ў горадзе ёсць рака – стварае адчуванне велічы. Хмары ды вада зліваюцца ў сіняве ды падзяляюцца толькі колерам жоўтага лісця – файна быць у такі момант каля даўняй Каложскай царквы.

Пра замкі. Працэс рэканструкцыі ды аднаўлення замкаў тут праводзіцца, мабыць, лепш, чым ва Украіне – у нас працы вельмі часта, на жаль, наагул не вядуцца. Але ў Беларусі застаецца праблема захавання аўтэнтычнага выгляду.


Пра кошты. Вышэйшыя кошты. Вышэйшая аплата за праезд. Вышэйшыя заробкі… Размовы пра грошы ды матэрыяльны дабрабыт. «Усё на свеце за грошы». Тут яшчэ не хутка будуць размаўляць пра «абстрактнае» – свабоду, напрыклад.

Пра грыўню і рубель. З грыўнямі ты ніхто. Зрэшты, падобна сябе адчуваюць і сябры-беларусы, калі намагаюцца абмяняць свае рублі ў Львове. Непрыемна бачыць неадэкватна нізкі курс сваёй нацыянальнай валюты. Таму, і ў Беларусі, і ва Украіне, галоўнае – мець «чужыя» грошы.

Пра выбары. Дзе-нідзе можна ўбачыць можна яшчэ ўбачыць плакаты з заклікамі на выбары, які ўжо прайшлі. Чамусьці іх не здымаюць. «Прыйдзі, прагаласуй!» Зрэшты, класна, што так ёсць, што запрашаюць. Прыкра – што ад выбараў нічога не змяняецца.

…Горадня-Львоў. Львавянам прыемна ў Горадні – брукаванка, ціхія кавярні, такое ж лонданскае надвор’е… Калі б яшчэ людзі больш упадобіліся восені – і насуперак смутку – сталі трошкі больш каляровымі ды шчаслівымі!

Хрысціна Рутар, Горадня – Львоў, фота – Ёзаф Бялевіч

Глядзі таксама
Каментары