Белтэлерадыёкампанія пракаментавала відэазварот свайго гукарэжысёра


Белтэлерадыёкампанія ў адказ на заяву Уладзіміра Жолудзя, які 15 лютага абвесціў галадоўку з прычыны несправядлівай, на ягоную думку сістэмы аплаты працы ў медыяхолдынгу, прыняла рашэнне надаць галоснасці ўмовы працы свайго супрацоўніка і размясціла на сваім сайце адпаведную інфармацыю.

«Гукарэжысёр 2-й кваліфікацыйнай катэгорыі Уладзімір Жолудзь працуе ў медыяхолдынгу на 0,5 стаўкі і за 2015 год меў сярэднямесячную зарплату больш за Br 7 млн. За праект «Еўрабачанне» яму быў выплачаны ганарар памерам Br 1 150 000», — адзначаецца ў паведамленні.

Акрамя гэтага кіраўніцтва аддзелу гукарэжысёраў хадайнічала аб прэміяванні Жолудзя па выніках праекту памерам Br 1 млн, што 10 лютага падтрымала кіраўніцтва кампаніі.

«Да ўсяго варта дадаць, што гэты супрацоўнік, які працуе на паўстаўкі, жыве ў інтэрнаце, прапанаваным яму Белтэлерадыёкампаніяй, за які плоціць каля Br 100 тыс. штомесяц», – адзначае НДТРК.

Заканчваецца паведамленне фразай: «Журналісты Белтэлерадыёкампаніі, роўна як і многія мінчане, якія арандуюць камерцыйнае жыллё, напэўна пазайздросцяць нашаму гукарэжысёру».

Жолудзь пакуль не дае каментароў журналістам. Праз сваіх калегаў ён перадаў БелаПАНу: «Пакуль трымаюся. Добрае сонечнае надвор’е дапамагае».

15 лютага Жолудзь размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» відэазварот, у якім кажа пра нізкую аплату працы ў медыяхолдынгу, у прыватнасці, працы гукарэжысёраў. Ён адзначыў, што падставай для абвяшчэння галадоўкі паслужыла рыхтаванне і наўпроставая трансляцыя нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне». За тыднёвую «вельмі тэхналагічную і цяжкую» гукарэжысёрскай працу ў рэжыме з 9–10-й раніцы да 22–24-й гадзіны «без гарачага харчавання і перапынку на абед» ён атрымаў Br 600 тыс. Жолудзь таксама падкрэсліў, што галадоўка — гэта не ўльтыматум, а спосаб данесці праблему да начальства. На 23 лютага ён запісаны на прыём да кіраўніцтва кампаніі.

ЮВ, belsat.eu, паводле tvr.by, nn.by

Стужка навінаў