Белсатавец выйграў у судзе праз нядбайнасць міліцыянта


Берасцейскі абласны суд стаў на бок журналіста «Белсату» Алеся Леўчука і адмяніў рашэнне суду Маскоўскага раёну Берасця.

Летась «Белсат» паведаміў, што вуліцу Шаўчэнкі ў Берасці адрамантавалі толькі напалову, а ў справаздачы напісалі, што ўсю. Нашая здымачная група адправілася туды і зняла на месцы рэпартаж. За гэта супрацоўнік міліцыі Раман Трафімук склаў на Алеся Леўчука пратакол 22.9 КаАП (парушэнне закону аб СМІ).

Але з першага разу міліцыянт не змог яго правільна аформіць, а на тое, каб перарабіць, не было ўжо часу. Тады Трафімук склаў новы пратакол без удзелу і подпісу Леўчука. Суддзя Маскоўскага раёну Берасця Раман Карабан прысудзіў журналісту штраф – 25 базавых велічыняў (Br 612,5).

Зразумела, такое рашэнне журналіста не задаволіла, і ён падаў скаргу ў абласны суд, які 12 красавіка адмяніў рашэнне суду першай інстанцыі і вярнуў справу ў раёны суд. Гэткае рашэнне прыняла суддзя Руслана Сенько.

«Гэта значыць адно: па гэтай справе мяне судзіць ужо не змогуць, бо выйшлі тэрміны даўніны. Не ведаю, чым растлумачыць такое рашэнне суддзі, хіба толькі тым, што сёння дзень касманаўтыкі», – жартуе Алесь Ляўчук.

Цяпер у планах журналіста дабіцца пакарання для супрацоўніка міліцыі, які фактычна падрабіў дакументы, а гэта артыкул 380 крымінальнага кодэксу. Ляўчук ужо напісаў на дзеянні Трафімука скаргу ў Маскоўскі РАУС Берасця.

СА, Belsat.eu

Стужка навінаў