«Белсат» зладзіў у Менску паказ фільму «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні» – быў аншлаг


[/vc_column_text][vc_column_text]12 сакавіка ў менскай кнігарні «Галіяфы», што ў Траецкім прадмесці, тэлеканал «Белсат» пры аншлагу зладзіў перадпрэмерны паказ фільму «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні». Паглядзець стужку і сустрэцца з рэжысёрам Валерам Мазынскім, а таксама акторамі, у тым ліку з выканаўцам ролі кіраўніка паўстання 1863 года Раманам Падалякам з Купалаўскага тэатру, прыйшлі больш за 100 чалавек.

Гэты кінааповед мае арыгінальную форму: апошнія дні Кастуся Каліноўскага перад смяротным пакараннем рэканструюе тэатральная трупа, якая спрабуе асэнсаваць для сябе асобу паўстанцкага лідара, звяртаючыся да дакументаў эпохі і сведчанняў ягоных сучаснікаў.

Пасля паказу фільму рэжысёру і акторам былі зададзеныя дзясяткі пытанняў. Гледачы дыскутавалі, ці ёсць сёння беларусы, гатовыя ахвяравацца, як Каліноўскі; чаму дагэтуль у нас актуальныя пошукі саміх сябе; разважалі пра ліцвінства і аптымальны фармат папулярызацыі нацыянальных герояў для дарослых і дзяцей.

Рэжысёр Валер Мазынскі, адказваючы на пытанні і раздаючы аўтографы, сказаў, што нацыя фармуецца, але тэмпы засмучаюць. На ягоную думку, няма каму весці народ, а «90 % беларусаў не ведаюць пра Каліноўскага».

У фільме ёсць шмат паралеляў з сучаснасцю. «Кастусь Каліноўскі мог выратаваць сабе жыццё за мяжою, як гэта зрабілі іншыя, але не зрабіў гэтага. На першым месцы ў Кастуся Каліноўскага была адказнасць перад паўстанцамі, якіх расстралялі, павешалі, выслалі ў Сібір… Тая самаахвярнасць у імя ідэі, якую арасіла кроў ягоных паплечнікаў, не дала яму права схавацца. Гэта актуальны момант і для сённяшняй беларускай апазіцыі», – заўважыў спадар Мазынскі.

Адна глядачка параўнала Кастуся Каліноўскага са Спартаком, які ўзначаліў паўстанне рабоў і гладыятараў у старажытным Рыме. А вы з кім бы параўналі нашага нацыянальнага героя?

14 сакавіка а 18:00 перадпрэмʼерны паказ фільму «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні» адбудзецца ў Варшаве ў кінатэатры «Культура» (Krakowskie Przedmieście 21/23).

Прэм’ера стужкі «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні» на канале «Белсат» – у нядзелю, 20 сакавіка, а 19:30. Фільм можна глядзець у онлайн-трансляцыі «Белсату» на YouTube.com. Пазней фільм будзе даступны на старонцы Belsat.eu.

НН, фота: Настасся Арол

Стужка навінаў