«Белсат» расследуе карупцыю! Глядзіце новую праграму «Давайце разбірацца»


Гэтага не пакажуць па БТ. Пра карупцыю, парушэнні заканадаўства на вышэйшым узроўні і тое, што ад нас хаваюць, вы даведаецеся з нашай праграмы «Давайце разбірацца». Прэм’ера ўжо ў сёння, 12 красавіка, а 18:15 у інфармацыйным блоку «Белсату».

Праграма ствараецца ў супрацы з міжнароднай журналісцкай арганізацыяй, якая расследавала і апублікавала ў 2016-м шакуючыя «Панамскія дакументы» – звесткі пра фінансавыя махінацыі, у якіх удзельнічалі кіраўнікі дзяржаваў і вядомыя людзі з усяго свету.

Аўтар і вядоўца «Давайце разбірацца» Станіслаў Івашкевіч першым расследаваў знакамітую схему, дзякуючы якой беларускія ўлады зараблялі велізарныя грошы на рээкспарце расейскіх нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў. У той час ён яшчэ не працаваў на «Белсаце».

«У нашую рэдакцыю рэгулярна паступаюць паведамленні аб карупцыі, парушэннях заканадаўства на высокім узроўні ды іншых схаваных фактах, якія праліваюць святло на падзеі ды працэсы, што адбываюцца ў Беларусі і закранаюць кожнага з нас», – гаворыць Станіслаў Івашкевіч.

ivashkevich

Станіслаў Івашкевіч

Так паўстала ідэя рабіць праграму, прысвечаную журналісцкім расследаванням. Летась Станіслаў Івашкевіч прайшоў падрыхтоўку на курсах, арганізаваных тымі, хто апрацоўваў «Панамскія дакументы». На іх журналісты дамовіліся правесці шэраг супольных расследаванняў у Беларусі. Першае з іх датычыць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Гэтай тэме і будуць прысвечаныя першыя выданні «Давайце разбірацца». Вы даведаецеся, што ўлады схавалі ад міжнародных місіяў, а таксама як пабудова першай АЭС выглядае ў іншых краінах. Далей вас чакае расследаванне пра карупцыю ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў