«Белсат» раскрыў масавы падзеж свіней у Жабінкаўскім раёне. За гэта журналістаў аштрафавалі на 800 долараў


Журналісты Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук

Такое рашэнне суддзя Жабінкаўскага раённага суду Зміцер Куроўскі вынес яшчэ 16 кастрычніка. Журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава даведаліся пра гэта толькі вечарам 19 кастрычніка.

Журналістаў аштрафавалі за супрацу з Белсатам без акрэдытацыі паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Алесь Ляўчук вымушаны заплаціць Br 1225 рублёў (50 базавых велічыняў) – гэта максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле. Мілана Харытонова атрымала 20 базавых штрафу альбо 490 рублёў. Такім чынам, за свой сюжэт здымачная група павінная заплаціць дзяржаве $ 850.

Пра сёлетні масавы падзеж свіней у Жабінкаўскім раёне «Белсату» паведамілі гледачы. Калі здымачная група выехала на месца ў вёску Азяты, стала зразумела, што замест вырашэння праблемы ўлады намагаюцца схаваць інфармацыю. У вёску даволі хутка прыехала міліцыя, але журналістам удалося пазбегчы затрымання.

Пасля гэтага маёр Жабінкаўскага РАУС Уладзімір Савва цягам трох тыдняў «паляваў» на журналістаў. Урэшце падчас трэцяга візіту у Берасце міліцыянт склаў пратакол на Ляўчука і Харытонаву.

«Улады пачалі з намі сапраўдную вайну нам не даюць нармальна працаваць і жыць. Ціск вельмі вялікі, ён сістэмны, ідзе кожны дзень. Улады з дапамогай міліцыі дамагаюцца таго, каб мы перасталі супрацоўнічаць з «Белсатам». Іначай тое, што адбываецца, я растлумачыць не магу», – кажа Алесь Ляўчук.

У судзе супраць журналістаў сведчыла пяць чалавек: акрамя супрацоўнікаў міліцыі, былі таксама дзве жыхаркі вёскі Азяты.

«Улады робяць вялікія высілкі каб заткнуць нам з калегамі раты, замест таго каб вырашаць праблемы людзей у рэгіёне. Натоўпы міліцыянтаў запужваюць не толькі нас, але і тых, каму мы дапамагаем. Людзей выклікаюць у суды сведчыць супраць журналістаў. Асабліва ў невялікіх мястэчках міліцыянты адчуваюць сябе гаспадарамі, але з’яўленне камер і журналістаў іх вельмі нервуе», – кажа Мілана Харытонава.

На наступным тыдні журналістаў чакаюць яшчэ два суды паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП.

У аўторак, 23 кастрычніка, Ляўчука і Харытонаву будуць судзіць у судзе Камянецкага раёну, а праз два дні – зноў у судзе Жабінкаўскага раёну.

Сёння журналіста атрымалі чарговую позву ў міліцыю на 21 кастрычніка.

ХВ

Стужка навінаў