«Белсат» прыадкрывае таямніцы «Народнага Альбому»

video

Новае гучанне, першая ў гісторыі альбому прафесійная сцэнаграфія і строі ды – тыя ж знакамітыя, знакавыя постаці ў галоўных ролях. Слынны мюзікл 90-х «Народны альбом» удзельнікам фестывалю «Усход культуры» сёння афіцыйна прэзентавала дырэктарка каналу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

«Я вельмі ганаруся гэтым праектам, нам каштавала насамрэч немалых намаганняў усё зрабіць. Гэта культавы для Беларусі праект. 20 гадоў таму ў Менску сабраліся артысты, музыкі, паэты і яго прыдумалі, і прыдумалі крыху па-аматарску, а цяпер, на 20-годдзе мы надамо яму прафесійнае апрацоўванне. У беластоцкай Оперы ўжо мантуецца сцэнаграфія, бо «Народны альбом» – гэта не проста песні, гэта свайго роду рок-опера. Радасна, што ўдалося сабраць асноўных ягоных творцаў, якія бралі ўдзел у «Альбоме» 20 гадоў таму», – падзялілася Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Фестываль «Усход культуры» – штогадовая супольная культурная ініцыятыва гарадоў польскага ўсходу (Жэшаў, Люблін і Беласток) з краінамі «Усходняга партнёрства». 4 верасня ў межах фестывалю госці беластоцкае Оперы пабачаць улюбёных Казіка, Юзіка, Боліка, Лёліка ды Адэльку з Аліцыяй – герояў «Народнага альбому», мюзіклу, створанага ў 90-ыя найлепшымі творцамі незалежнае беларускай сцэны. Арганізатар шоу 20-годдзя «Альбому» – тэлеканал «Белсат».

«Белсат»


Прэм’ера спектаклю «Народны Альбом. 20 год» адбудзецца ў межах фестывалю «Wschód Kultury. Inny Wymiar» («Усход культуры. Іншае вымярэнне»), каардынаванага Беластоцкім цэнтрам культуры і Нацыянальным цэнтрам культуры пры падтрыманні парталу kulturadostepna.pl.

Тэлеканал «Белсат» выступае аўтарам ідэі і выканаўчым прадзюсарам спектаклю. Копрадусарам відовішча з’яўляецца польскі Нацыянальны інстытут аўдыёвізуальны NInA.


Глядзі таксама
Каментары