«Белсат» і Tuzin.fm падрыхтавалі для Вас навагодні сюрпрыз


У апошнюю ноч 2015-га глядзіце на нашым тэлеканале святочнае шоу «Новае пакаленне на Новы год».

У навагоднім шоу бяруць удзел айчынныя музыкі, якія абʼядналіся ў дуэты. Большасць песень была створаная менавіта для гэтага праекту, але будзе месца і ўжо вядомым творам у новых аранжыроўках. Яскравы канферанс забяспечаць вядоўцы канцэрту – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў і акторка «Свабоднага тэатру» Юлія Шаўчук, а павіншуюць гледачоў вядомыя і шанаваныя асобы.

«Гэтае святочнае шоу – спроба паказаць пэўны зрэз беларускай альтэрнатыўнай сцэны. Калі мы запрашалі ў праект, мы арыентаваліся найперш не толькі на імёны, але і на актуальнасць творчасці. Хацелі паказаць тых выканаўцаў, якія не частыя госці на беларускіх тэле і радыёканалах, некаторыя з іх яшчэ толькі пачынаюць свой шлях, але маюць талент і харызму. Больш за тое, хацелася спалучыць у кожным нумары розных з музычнага мыслення асобаў, каб паглядзець што з гэтага выйдзе. Эксперымент па злучэнню розных стыляў і жанраў прайшоў удала – тут кожны з дуэтаў можна ставіць у прыклад, бо ў кожным з 10 нумароў ёсць свая непаўторная разынка», – распавядае галоўны рэдактар tuzin.fm ды кіраўнік праекту Сяргей Будкін.

Аўдыёпрэмʼеры гэтых песень цягам бліжэйшага тыдня адбудуцца на belsat.eu і tuzin.fm. Адной з першых аўдыёпрэмʼераў будзе новая версія знакамітай рэп-калядкі «Цуд на Каляды» ад Памідорава і Паўла Булатнікава з гурту «Trubetskoy».

Сачыце за навінамі на нашых старонках і ў сацыяльных сетках.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары