Найлепшыя матэрыялы «Белсату» у 2016 годзе

video

На імпрэзе «Белсату» выступіў Лявон Вольскі

Незалежны тэлеканал «Белсат» падвёў вынікі 9-га года працы ды вызначыў найлепшыя матэрыялы, створаныя сёлета.

10 снежня 2007 года, у Міжнародны дзень правоў чалавека, распачаў спадарожнікавую трансляцыю незалежны беларускі тэлеканал «Белсат». Сёлета ён адзначыў сваё 8-годдзе адначасова ў двух гарадах – у Менску ды Варшаве, дзе прайшлі святочныя імпрэзы.

У Варшаве для гасцей ды прадстаўнікоў «Белсату» свае гіты выканаў легендарны Лявон Вольскі, які выступіў з сябрамі-музыкамі.

Карэспандэнтка «Белсату» Аліна Коўшык, якая была на ўручэнні Нобэлеўскай прэміі для Святланы Алексіевіч па літаратуры ў Стакгольме, перадала дырэктарцы незалежнага тэлеканалу Агнешцы Рамашэўскай-Гузы адмысловы плакат, на якім нобэлеўская лаўрэатка напісала словы падзякі для «Белсату» за асвятленне Нобэлеўскага тыдня.

Карэспандэнтка «Белсату» Аліна Коўшык перадала дырэктарцы тэлеканалу плакат са словамі падзякі ад нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч

Рэжысёр Юрый Хашвацкі спяваў на імпрэзе «Белсату»
Рэжысёр Юрый Хашвацкі спяваў на імпрэзе «Белсату»

Святочная імпрэза для белсатаўцаў прайшла таксама ў Менску – на ёй выступіў гурт «Рэха». Для белсатаўцаў спявалі таксама бард Кася Камоцкая ды рэжысёр Юрый Хашчавацкі, які выканаў некалькі песняў адэскага шансону.

Супрацоўнікі незалежнага тэлеканалу выслухалі таксама відэазварот заснавальніцы і дырэктаркі «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.

Спадарыня Агнешка Рамашэўская-Гузы павіншавала белсатаўцаў з тым, што ўпершыню ў гісторыі пісьменніца з Беларусі атрымала Нобэлеўскую ўзнагароду па літаратуры.

«Дзякуючы Святлане Алексіевіч і Нобэлеўскаму камітэту гэты зачатак свабоды і грамадзянскай супольнасці, які мы ствараем разам, атрымаў ад лёсу вялікі падарунак. Нобэль часта мае выбуховую моц – можа змяняць свет да лепшага і знішчаць турэмныя муры. Я зычу вам, каб вы, прадстаўнікі незалежнай беларускай эліты ўмелі належна ацаніць вартасць гэтага дару і скарысталіся ім для дабра вашай Бацькаўшчыны. У нас, белсатаўцаў, падвойная нагода для радасці, бо парадаксальна Нобэлеўская прэмія Святланы Алексіевіч дапамагла таксама і нам, чарговы раз пацвердзіўшы вялікае значэнне нашага праекту ў будаванні беларускай нацыянальнай супольнасці. Апошнія дні мы выконвалі місію публічнай тэлевізіі ў Беларусі, выконвалі заданні нацыянальнай тэлевізіі, якія не хацелі выканаць дзяржаўныя тэлеканалы. «Белсат» – адзінае тэлебачанне, якое надало ўручэнню Нобэлеўскай прэміі Святлане Алексіевіч ранг адпаведны гістарычнаму значэнню гэтай падзеі», – адзначыла дырэктарка «Белсату».

Дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы

Ужо трэці раз запар «Белсат» узнагародзіў творцаў найлепшых матэрыялаў, якія былі зробленыя цягам апошняга года. У беларуска-польскае журы сёлета ўвайшлі, да прыкладу, дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы, кіраўнік назіральнай рады «Белсату» Уладзімір Колас, легенда беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка, кіраўніца праграмнага сакратарыяту «Белсату» Бэата Красіцкая, шэф рэдакцыі інфармацыйных праграмаў Аляксей Дзікавіцкі, выдаўца Цэзары Галіньскі, кіраўніца інтэрнэт-рэдакцыі Belsat.eu Вольга Швед, мастак-графік Міхаіл Анемпадыстаў, папулярны вядоўца і журналіст Сяргей Філімонаў, выдаўца інфармацыйных праграмаў Кацярына Ткачэнка, дакументаліст Яраслаў Каменскі.

Чалавек года-2015 на «Белсаце» Алесь Залеўскі на ўручэнні ўзнагороды

Асобаю года «Белсату» журы назвала аўтара і вядоўцу праграмы «Людскія справы» Алеся Залеўскага.

Праграма прысвечаная праблемам канкрэтных людзей у Беларусі, якія датычаць таксама шмат каго з гледачоў.

У папярэднія гады асобамі года на «Белсаце» былі названыя: журналіст ды вядоўца «Белсату» Валер Руселік, аператар Алесь Баразенка а таксама вядоўца ды суаўтарка праграмы «Размова дня» Святлана Калінкіна.

Фільм года на «Белсаце» – «Лінія Сталіна на дзіцячай далоні» рэжысёркі Галіны Самойлавай.

Афіцыйныя статыстыкі сталінскіх ахвяраў не бралі пад увагу дзіцячыя смерці. Новы фільм «Белсату» пралівае святло на адну з самых недаследаваных тэмаў камуністычных чыстак. Рэпрэсіі ў сталінскія часы перамалолі мільёны жыццяў – машына тэрору не ведала літасці ні да жанчын, ні да дзяцей, хоць, паводле афіцыйнай версіі, жанчыны склалі толькі 1 % усіх ахвяраў чыстак, а дзеці ўвогуле не фігуравалі ў статыстыках. Гісторык Ігар Кузняцоў кажа, што ў 1927 годзе 47 % вязняў будучага Гулагу складалі хлопцы ад 16 да 24 гадоў.

Найлепшая публіцыстычная праграма года на «Белсаце» – «Загадкі беларускай гісторыі», аўтар і вядоўца якой – гісторык Аляксандр Краўцэвіч.

У кожнай з 14 серыяў выбітны беларускі гісторык наведаў адну са знакавых мясцін для нашай мінуўшчыны, каб прыпомніць важныя але малавядомыя ці зусім невядомыя падзеі ды таямніцы, з імі звязаныя.

Найлепшы рэпартаж года – «Кукабака – вязень сумлення» Міхаіла Аршынскага.

Міхаіл Кукабака – адзін з самых вядомых беларускіх дысідэнтаў. Былы палітзняволены правёў у савецкіх турмах, працоўных лагерах і псіхіятрычных шпіталях 17 гадоў. Герой фільму на сваім жыццёвым прыкладзе паказвае механізм рэпрэсіяў.

У намінацыі «Інфармацыйны матэрыял года» журы ўзнагародзіла Кастуся Жукоўскага за серыю грамадска-сацыяльных матэрыялаў з Гомельскай вобласці.

У катэгорыі «Інтэрнэт-матэрыял года» ўзнагароду атрымаў Юрась Высоцкі за артыкул: «Будаўнік астравецкай АЭС: Прарабы крадуць цэмент што дурныя, а начальнікі дзярбаняць бюджэт».

Чытайце артыкул, які перамог у намінацыі «Інтэрнэт-матэрыял года» >>> Будаўнік астравецкай АЭС: Прарабы крадуць цэмент што дурныя, а начальнікі дзярбаняць бюджэт

Юрась Высоцкі атрымаў узнагроду ў намінацыі «Інтэрнэт-матэрыял года»

У намінацыі «Выбар інтэрнаўтаў» вызначалася відэа, якое атрымала найбольш праглядаў на YouTube-канале «Белсату». Узнагароду тут атрымаў рэжысёр Антось Цялежнікаў за відэа пра замах на жыццё лідара ўкраінскага «Правага сектару» Дмытра Яраша ды рэпартаж з Данбасу «Добраахвотнікі».

«Белсат» дзякуе сваім гледачам ды абяцае не менш цікавыя матэрыялы ды новыя праекты.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu. Фота з Варшавы – Дзяніс Дзюба

Глядзі таксама
Каментары