«Белсат» адкрывае канцэртную пляцоўку


У 2017 годзе на «Белсаце» будзе яшчэ больш музыкі. Новая праграма «Belsat Music Live» пакажа сучасных выканаўцаў, якія сыграюць жыўцом у студыі, а таксама распавядуць пра сваё жыццё і творчасць.

Са студзеня кожны тыдзень на «Белсаце» будуць выступаць самыя цікавыя музыкі з Беларусі (і не толькі). Сярод іх новыя, маладыя гурты і ветэраны сцэны. У кожнай серыі музыкі зайграюць тры кампазіцыі – новыя творы і ўжо добра вядомыя публіцы песні. Весці праграму будуць музычныя журналісты Сяргей Будкін і Міра Шульц.

У першай серыі «Belsat Music Live» выступяць два гурты – «Вурай» і «Палац». Першы з іх паўстаў у Менску ў 2010 годзе і з таго часу эксперыментуе з аўтэнтычным спеўным матэрыялам, ствараючы новыя творы адмысловага гучання. Культавы ўжо «Палац» існуе з 1992 года, грае ў стылі фолк-мадэрн, беларускія песні апрацоўвае ў адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі папулярнай музыкі з выкарыстаннем сэмплаў.

Праграму «Belsat Music Live» глядзіце на «Белсаце» штосуботу а 20:15, а таксама онлайн на нашай старонцы.

Стужка навінаў