БелАЗ эфектыўнейшы за ПВТ у 2017 годзе: чысты прыбытак вырас у 14,5 разоў


Рэкардсмен сярод БелАЗаў – самазвал серыі 7571, які падымае да 450 тонаў. Фота – БелАЗ

Сярэдняя выручка на аднаго супрацоўніка на сусветна вядомым БелАЗе была ў два разы большай, чым на аднаго супрацоўніка Парка высокіх тэхналогіяў, сведчаць дадзеныя машынабудаўнічай кампаніі.

Экспарт беларускага вытворцы гіганцкіх самазвалаў вырас за год амаль у тры разы.

Лепш за праграмістаў?

У 2017 годзе на аднаго супрацоўніка Беларускі аўтамабільны завод атрымаў выручку ў $77,8 тыс. – гэта рост на 80,7 % да паказчыку 2016 года. Пры гэтым колькасць супрацоўнікаў заводу вырасла на 875 чалавек, паведамляе БелАЗ.

Парк высокіх тэхналогіяў, дзе працуе ільвіная частка беларускіх праграмістаў, мае выручку прыкладна ў $1 млрд і 30 тыс. супрацоўнікаў – то бок прыкладна $33 тыс. на супрацоўніка, што ў два разы менш, чым у БелАЗа (дадзеныя агучыла БелТА). З іншага боку, ПВТ не патрабуе значных закупак за мяжой сыравіны (металу, пластыкаў, гумы, электронікі), у адрозненне ад БелАЗа.

Агульная выручка БелАЗа склала каля $ 800 млн.

Чысты прыбытак машынабудаўнічай кампаніі вырас за год у 14,5 разоў – то бок прыкладна да $58 млн з $4 млн у 2016 годзе, калі судзіць па мінулагодніх дадзеных БелАЗа.

БелАЗ перш за ўсё забяспечвае тэхнікай прадпрыемствы цяжкай прамысловасці – попытам з іхнага боку і абумоўленае паляпшэнне фінансавых вынікаў. Лідары сярод замоўцаў беларускіх волатаў у 2017 годзе – кампаніі, якія займаюцца здабычай вугалю, здабычай дыяментаў і золата, а таксама кампаніі каляровай металургіі.

Пашырэнне геаграфіі продажу

Які раней, галоўныя кліенты БелАЗа – Расея, Узбекістан і Казахстан. Прычым у краіны СНД рост паставак павялічыўся амаль на 230 %, паведаміла кампанія ў асобным прэс-рэлізе.

Пры гэтым рост паставак у Расею склаў 173%, у краіны СНД без Расеі 229%, у «краіны дальняга замежжа» – 182%. Агулам экспарт тэхнікі БелАЗаўскай вытворчасці вырас на 185%, што адзначае невялікае зніжэнне долі паставак у Расею.

БЕЛАЗ-7558 грузападымальнасцю ў 90 тонаў падчас працы ў кар’еры. Фота – БелАЗ

На Расею, Вялікую Брытанію, Узбекістан, Казахстан, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, Украіну, Зімбабве, ЗША, Марока і Нямеччыну прыйшлося 93% экспарту БелАЗа ў мінулым годзе. Пры гэтым кампанія адзначае, што «атрымалася аднавіць дакрызісныя пастаўкі ва Украіну».

У 2016 годзе на задавальненне расейскіх замоваў ішло прыкладна 55% вырабленай тэхнікі БелАЗа.

У пачатку 2017 году БелАЗ таксама заявіў, што разглядае прапановы аб рэалізацыі прадукцыі за крыптавалюту.

Пазітыў для сусветнай эканомікі – пазітыў для БелАЗа

Адказваючы на рост попыту, БелАЗ у 2017 годзе павялічваў вытворчасць карʼерных самазвалаў, якія могуць падымаць вагу ў 90 тонаў і вышэй. Пры гэтым па вытворчасці такіх машынаў у мінулым годзе быў пастаўлены абсалютны рэкорд – 621 адзінка.


Рост паставак грузавікоў БелАЗа розных вагавых катэгорый за студзень-лістапад 2017 году. Інфаграфіка – БелАЗ

БелАЗ, асабліва калі больш дыверсіфікуе сваю геаграфію паставак, можа лічыцца прыкладна такім жа індыкатарам сусветнай эканомікі, як і кампанія «Caterpillar», вытворца рознай цяжкай будаўнічай і транспартнай тэхніцы.

Калі вялікія кампаніі свету, асабліва сыравінныя гіганты, чакаюць росту попыту на сваю прадукцыю, калі плануюць пашыраць здабычу ці чакаюць росту новых замоваў на будоўлю, яны абнаўляюць свае паркі тэхнікі.

Цэх сталёвага ліцця на БелАЗе. Фота – БелАЗ

Характэрна, што за тры кварталы 2017 году «Caterpillar», як і БелАЗ, палепшыў свае фінансавыя паказчыкі, адзначаючы попыт на будаўнічую тэхніку ў Кітаі, на пашырэнне здабычы нафты і газу ў Паўночнай Амерыцы, на рост капітальных інвестыцыяў у горна-рудным сектары.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары