Белавус: У адказ на Дзень вышыванкі БРСМ можам зладзіць фестываль Дзень Волі


Кіраўнік «Арт-сядзібы» выказваецца пра выкарыстоўванне афіцыйнымі арганізацыямі ідэяў яго суполкі.

Напрыканцы 2014 года некамерцыйная арганізацыя «Арт-сядзіба» пачала ладзіць фестываль беларускай культуры «Дзень вышыванкі». Колькасць наведнікаў імпрэзы лічылася тысячамі асобаў. Сёлета ж нечакана БРСМ сумесна з Міністэрствам культуры ды Менгарвыканкамам пастанавілі зладзіць свой «Дзень вышыванкі». Размаўляем з кіраўніком «Арт-сядзібы» Паўлам Белавусам.

«Белсат»: Павел, якая была вашая першая першая рэакцыя, калі вы дазналіся пра ініцыятыву БРСМ?

Павел Белавус: Спачатку не паверылі. Пасля зайшлі на сайт міністэрства, знайшлі спіс мерапрыемстваў у межах года культуры, і, сапраўды, 17-м пунктам пазначаны «Дзень вышыванкі» у ліпені пры арганізацыі БРСМ і Менгарвыканкаму.

«Белсат»: Ці ўпершыню дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі «пазычаюць» вашыя ідэі?

Павел Белавус: На самой справе не першы раз. Дагэтуль мы рабілі акцыю «Беларуская стужка». Распаўсюджвалі гэтую стужку, распавядалі, дзе яе набыць, навошта яна патрэбная.

І перад прэзідэнцкімі выбарамі стартавала акцыя БРСМ, у межах якой яны раздавалі стужку, такую ж як і мы, якую прадукуе тое ж прадпрыемства, у якога стужкі набывалі мы. З аднаго боку было дзіўна, а з іншага я гэта расцэньваю з прыемнасцю. Мы робім справы, якія яны самыя не могуць прыдумаць, бяруць нашыя ініцыятывы. Адзіны быў негатыў: яны выкарыстоўвалі гэта ў канкрэтных палітычных мэтах.

Гэта прапаганда і палітычная кампанія Лукашэнкі.

«Белсат»: Чаму ўлады пастанавілі праводзіць свой дзень вышыванкі?

Павел Белавус: Нарэшце яны там праз 20 гадоў адчулі, і гэта вельмі важна для захавання краіны і дзяржавы. Каб людзі больш адчувалі Чым больш людзей будзе адчуваць, што ў гэтай краіны ёсць свая культура, гісторыя, мова, свае сімвалы, тым прасцей будзе ў складаных умовах гэтую дзяржаву абараніць. Калі больш людзей будуць лічыць, што мы рускія, мы амаль аднолькавыя, тады складаней будзе ў крытычны момант абараняць. Ніхто не захоча абараняць тое, чаго ў прынцыпе няма. Мне падаецца, што ёсць ва ўладзе адэкватныя людзі, якія разумеюць, што гэта важна.

«Белсат»: Ці стануць іх фестывалі святам сапраўднай беларускай сімволікі, ці ўсё ж гэта будзе нейкі «гібрыд» нацыянальнага?

Павел Белавус: Калі яны зробяць самі, то гэта будзе нешта ўзроўню «Дажынак», са спевамі бабулек, з саламянымі нейкімі цацкамі, з беганнем у касцюмах а-ля «Советская Белоруссия». Важна, каб яны гэтую працу давалі людзям, якія разумеюць, як гэта рабіць, якія «варацца» у гэтым полі, як мы.

«Белсат»: Свята роднай мовы, Дзень вышыванкі – няўжо беларусізацыя малой хадою прабіраецца ў дзяржаўныя ўстановы? Ці варта чакаць ад гэтых захадаў нейкай рэальнай шырокай беларусізацыі?

Павел Белавус: Цяжка гэта чакаць, пакуль гэта не будзе такой спланаванай палітыкай, якая будзе ісці шчыра, ад сэрца. Хочацца, каб так было, але пакуль не загавораць прадстаўнікі ўладаў па-беларуску, пакуль на тэлеканалах і з усіх радыёкропак не загучаць Вольскі, Вайцюшкевіч, Міхалок… Для таго, каб так было, патрэбныя рэальныя дэмакратычныя змены.

«Белсат»: Якім будзе ваш адказ на гэтае мерапрыемства?

Павел Белавус: Бліжэй да 25 сакавіка правесці Дзень вышыванкі. Альбо назваць гэта Дзень Волі і сказаць, што сёлета мы хочам правесці ў Палацы Спорту Дзень Волі – вялікі фестываль, канцэрт, шмат музыкаў, пасля паці «Дзень Волі» у якім-небудзь клубе. Каб зрабіць гэта сапраўдным святам. Каб паказаць, што гэта адзін дзень на год, калі знікаюць у маленькай дыктатуры спісы забароненых музыкаў, знікаюць забароны на бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню, усе стараюцца ў гэты дзень гаварыць па-беларуску.

Стужка навінаў