«Белавія» стала лётаць у Адэсу 12 разоў на тыдзень


Попыт на квіткі вялізарны: як з боку расейцаў, якія не могуць ляцець наўпрост са сваёй краіны, так і з боку беларусаў, якія не спяшаюцца адпачываць у Крыме.

«Такім чынам, «Белавія» будзе ажыццяўляць 12 рэйсаў на тыдзень па маршруце Мінск–Адэса–Мінск», – інфармуе старонка беларускага перавозчыка.

17 чэрвеня «Белавія» ўжо была адкрыла тры новыя рэйсы па маршруце Менск–Адэса, але гэтага аказалася не дастаткова.

З 16 ліпеня ў Адэсу з беларускай сталіцы на самалётах Boeing 737-300 будуць лятаць два новыя рэйсы: у аўторкі і суботы, па начах. Самалёт будзе вылятаць а 00:20 і будзе прылятаць у Адэсу а 01:40.

«Без усякага сумневу, сезон адпачынкаў дыктуе свае правілы, і мы з радасцю павялічваем частату выканання рэйсаў у выдатны горад Адэсу. Мы рады, што гэты ўкраінскі напрамак карыстаецца такой папулярнасцю не толькі ў транзітных пасажыраў, але і сярод ахвотных адпачыць на Чорным моры», – паведаміў генеральны дырэктар авіякампаніі Анатоль Гусараў.

Прэсавая служба «Белавія» падкрэслівае, што з сярэдзіны ліпеня колькасць рэйсаў, што выконваюцца авіякампаніяй ува ўкраінскія гарады, вырасце да 54 у тыдзень. На дадзены момант беларускі перавозчык, акрамя Адэсы, лётае ў Харкаў ды ў кіеўскія лётнішчы ў Барыспалі і Жулянах.

Таксама ў межах пагаднення аб сумеснай эксплуатацыі рэйсаў з украінскай авіякампаніяй «Матор Січ» на сайце «Белавіі» можна набыць квіткі ў Запарожжа.

Чытай таксама >>> «Белавія» захапіла больш за палову транзітнага пасажырапатоку ва Украіну 

Актыўна адкрываць новыя рэйсы ўва Украіну беларуская кампанія пачала пасля таго, як 25 кастрычніка 2015 года спыніліся авіязносіны паміж Украінай і Расеяй.

ДД, belsat.eu; фота: igorok.kiev.ua

Стужка навінаў