«Белавія» рыхтуецца да поўнага спынення чыгуначнай камунікацыі паміж Расеяй і Украінай


Пра гэта паведамляе расейскае выданне kommersant.ru. Паводле крыніцаў выдання ва ўкраінскім урадзе, забарону на пасажырскія перавозкі плануюць увесці з 1 ліпеня 2017 года.

Такім чынам Кіеў хоча адказаць на тое, што цягнікі РЧ ездзяць у падкантрольныя сепаратыстам раёны Данецкай і Луганскай абласцей. У кампаніі «Укрзализныця» пакуль не чулі пра нібыта прынятае рашэнне аб забароне на чыгуначную камунікацыю з Расеяй.

За апошнія гады пасажырапаток з Расеяй скараціўся больш чым на 60 % і цяпер складае амаль 2 мільёны чалавек у год, паведаміў выданню намеснік кіраўніка Мінтранса Украіны Аляксандр Кава.

Паводле міністра, размовы пра спыненне перавозак пачалі абмяркоўваць адразу пасля пашырэння ўкраінскіх санкцыяў супраць Расеі. Нагадаем, што Украіна забараніла некаторым расейскім кампаніям грузавыя перавозкі праз сваю тэрыторыю. Пад забарону трапілі: «СГ-транс», «Нефтетранссервис», Першая грузавая кампанія, Федэральная грузавая кампанія, «Промтрансінвест», Першая грузавая компанія ва Украіне, «Рейл1520 Сервис», «Агрокомплекс», «Астон продукты питания и пищевые ингредиенты».

Да забароны на пасажырскія перавозкі ўжо рыхтуецца «Белавія», якая вядзе перамовы аб павелічэнні рэйсаў з Масквы ў Кіеў праз Менск.

«Цяпер мы вядзем перамовы з аэрапортамі, каб яны маглі прыняць дадатковыя рэйсы», – паведаміла kommersant.ru крыніца ў «Белавія».

ЮВ, belsat.eu, паводле kommersant.ru

Стужка навінаў