«Белавія» прадала па акцыі амаль 37 тыс. квіткоў. Найбольш – у Пецярбург ды Тбілісі


Амаль 37 тысяч квіткоў на рэгулярныя рэйсы прадала авіякампаніі «Белавія» ў межах двухдзённай акцыі ў гонар 20-годдзя беларускага нацыянальнага авіяперавозніка. Усе квіткі прадаваліся па адзінай цане ў € 20 еўра, але без уліку збораў і такс, якія часцяком складалі 300 % ад кошту квітка.

Самымі папулярнымі напрамкамі сталі Санкт-Пецярбург – 3 430 квіткоў, Тбілісі – 2 922, Прага – 2 598, Масква – 2 532, Амстэрдам – ​​2 454, Калінінград – 2 220, Тэль-Авіў – 1 688, Будапешт – 1 676 і Барсэлона – 1 582.

Больш за палову пакупнікоў (55 %) аказаліся маладымі людзьмі ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў, 60,5 % тых, хто набыў акцыйныя квіткі, – жанчыны.

Усяго авіякампанія прапанавала 114 тысяч білетаў туды і назад па 40 рэгулярных напрамках з датамі вылету ад 5 сакавіка 2016 года да 30 студзеня 2017 года. Акцыя мусіла была працягнуцца толькі адны суткі – 5 сакавіка. Квіткі можна было набыць толькі праз афіцыйны сайт авіякампаніі.

Аднак Belavia.by не вытрымаў наплыву ахвотных, праз тэхнічныя праблемы ў шмат каго з карыстальнікаў узнікалі праблемы з доступам на сайт або з аплатай за выбраныя квіткі. «Белавія» падоўжыла акцыю яшчэ на суткі.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў