Белавежская пушча – за мурам цэнзуры


Бязвізавы рэжым для наведнікаў Белавежскай пушчы меўся прадэманстраваць добрую волю і адкрытасць нашай дзяржавы. Аднак апынулася, што і сярод турыстаў могуць быць «непажаданыя элементы». У пушчу не пусцілі журналіста «Радыё Рацыя» Радаслава Дамброўскага: абвесцілі, што ўезд у Беларусь яму забаронены.

«Памежнік, відаць, адчуваў сябе няёмка, не змог адказаць на пытанне і запытваўся ў мяне, чаму я не магу ўехаць у Рэспубліку Беларусь. Бо іх сістэма адказвае, што я неўязны. Канешне, я не змог адказаць на гэта пытанне. Для мяне гэта было крыху дзіўна. Праўда, паўтара года таму мне таксама было адмоўлена ў візе. І калі я зараз запытаўся пра прычыны адмовы, то мне адказалі, што яны не маюць такой інфармацыі і прапанавалі звярнуцца ў бліжэйшае консульства або ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь», – распавёў Радаслаў Дамброўскі.

Паводле новых нормаў, замежнікі змогуць без візы знаходзіцца на тэрыторыі Белавежскай пушчы да 3 дзён. Скарыстацца бязвізавым рэжымам можна толькі праз пункт пропуску «Перароў-Белавежа». Падставай для гэтага з’яўляецца дакумент, які дае замежнаму грамадзяніну права на наведванне нацыянальнага парку.

Радаслаў Дамброўскі мае намер звяртацца ў беларускія дыпламатычныя органы з просьбай патлумачыць прычыну забароны ўезду на тэрыторыю Беларусі.

МЛ, паводле «Радыё Рацыя»

Стужка навінаў