Беласток хоча адабраць беларускіх пасажыраў у віленскага аэрапорту


Паводле Яцэка Жалека, кандыдата ад аб’яднаных правых сілаў на мясцовых выбарах, з гэтага аэрапорту беларусы маглі б вылятаць у краіны Еўразвязу.

Да пытання стварэння рэгіянальнага аэрапорту Яцэк Жалек за апошні час звяртаўся ўжо два разы.

У панядзелак ён заявіў, што калі пераможа на выбарах мэра Беластоку, горад выдаткуе на пабудову аэрапорту прынамсі чвэрць неабходнай сумы.

У аўторак ён паведаміў журналістам, што аэрапорт у Беластоку можа выклікаць цікаўнасць у турыстаў з Беларусі.

«Беласток можа быць брамай, вакном у свет для суседзяў, якія жывуць за нашай усходняй мяжой. Для іх мы акно на Захад, а для ЕЗ – акно на ўсход», – заявіў Жалек.

Палітык адзначыў, што Беласток кожны месяц наведваюць 400 тысячаў беларусаў. Паводле падляскага аддзелу Памежнай аховы, у ліпені праз памежныя пераходы з Беларуссю ў Польшчу ўехалі 200 тысячаў чалавек, а выехала – 214 тысячаў.

На думку Жалека, у Беластоку і Горадні дастаткова патэнцыялу, каб разлічваць на фінансавую мэтазгоднасць рэгіянальнага аэрапорту.

Жалек спадзяецца, што Варшава не пакіне Беласток без падтрымання – і дапаможа фінансава ў пабудове аэрапорту, які прыцягне тых беларусаў, што лётаюць цяпер з Вільні.

ДД

Стужка навінаў