Беларусы змогуць свабодна паляцець у несвабодную КНДР


 Самая закрытая краіна свету адкрываецца для турыстаў з Беларусі. Упершыню мы маем магчымасць набыць наўпроставы квіток на самалёт з Менску ў Пхеньян. Забава нятанная. Але штогод наведаць Паўночную Карэю выпадае шанец толькі 10-ці тысячам чалавек з усяго свету.

Адчуць эпоху, атмасферу 50-х і паглядзець, як жылі бабулі ды дзядулі. Менскі турыстычны аператар, кампанія «МэрлінТур» запрашае налета далучыцца да візіту ў КНДР, кошт тыднёвае праграмы – каля трох тысяч еўраў.

«Тур у закрытую краіну не можа каштаваць танна, мы арандуем самалёт у Белавіі, на якім будуць ляцець толькі ўдзельнікі туру. Плануецца 135 чалавек, 50 месцаў мы аддаем беларусам, рэшта месцаў, амаль усе зарэзерваваныя», – зазначае Ірына Баранава, турыстычная кампанія «Merlintour».

Каб прыцягнуць яшчэ больш ахвотных, арганізатары візіту распачалі тыдзень КНДР у Менску. Яшчэ ёсць магчымасць заўтра трапіць на адмысловы кінапрагляд пра Паўночную Карэю.

«Паўночная Карэя для нас даволі экзатычная краіна і нам цікава на яе прыкладзе заглянуць у нашае мінулае», – зазначае наведвальнік тыдня КНДР.

«Сталінізм працягваецца, даволі паспяхова ў КНДР, гэта закансерваваны сталінізм і цікавы тым што напэўна так жылі нашыя дзяды і перажывалі», – дадае іншы наведвальнік тыдня КНДР.

Па-за турыстычнымі вандроўкамі Менск і Пхеньян звязаныя нешматлікімі будаўнічымі праектамі, якія былі заключаныя яшчэ да крызісу, у час, калі беларускія будаўнікі масава з’яджалі ў Расею, у тым ліку на будоўлю сочынскай алімпійскай інфраструктуры.

Паводле інфармацыі «Белсату», цяпер ад некалькіх тысячаў паўночнакарэйскіх адмыслоўцаў у Менску засталіся некалі соцень чалавек, якія чакаць закрыцця кантрактаў. Сваёй прысутнасці ў Менску не афішуюць, а заробкі ад працы паўночнакарэйскіх работнікаў атрымлівае наўпрост амбасада КНДР.

«Ёсць пастанова ў Пхеньяну давесці колькасць турыстаў да 2020 году да 2 млн на год. Мы былі, калі яшчэ зусім мала еўрапейцаў было. Зараз пачынаецца мяняцца, колькасць турыстаў там расце вельмі хутка», – распавядае грамадскі актывіст Алег Новікаў.

Тыя, хто ўжо наведвалі Паўночную Карэю, не раяць туды ехаць, больш як на тыдзень. А таксама папярэджваюць: трэба быць падрыхтаванымі да абсурдных правілаў. Напрыклад, газету з партрэтам Кім Чэн Ына трэба складаць 3 разы, а не 2, каб лінія згібу не праходзіла праз фотаздымак.

Арганізатары Тыдня Паўночнай Карэі ў Менску падкрэсліваюць: пералёт з Менску ў Пхеньян – акцыя разавая, і трэба лавіць момант. Пакуль квіткі на Ту-154 у КНДР зарэзервавалі прыблізна дзясятак беларусаў. Візы абяцаныя ўсім, але ўжо вядома, што афіцыйна журналістаў у туры ў КНДР не будзе.

Аркадзь Несцярэнка, Belsat.eu

Стужка навінаў