Беларусы заплацяць за гульні Аляксандра Лукашэнкі з МВФ


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGU0Y3M2ZyRDBwX0UlMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Алергіі на рэформы ў яго няма. Пераконвае Аляксандр Лукашэнка кіраўніка місіі Міжнароднага валютнага фонду. Але чаго не скажаш, калі ад МВФ залежыць, быць альбо не быць стабілізацыйнаму крэдыту для Беларусі. А гэты крэдыт – быць альбо не быць самому Лукашэнку.

Паабяцаць так цьмяна, каб можна было потым не выконваць. Гэтак адмыслоўцы ацэньваюць каментары Аляксандра Лукашэнкі ў сённяшняй размове з Пітэрам Долмэнам – кіраўніком місіі МВФ, якая працуе ў Беларусі з 9-га да 19-га кастрычніка.

Існая місія планавалася як вырашальная. Яе задача – вынесці экспертнае рашэнне, ці варта пачынаць працу над новаю стабілізацыйнаю праграмай для Беларусі. А гэта залежыць ад іхнай ацэнкі таго, наколькі афіцыйны Менск гатовы да рэформаў. Сённяшні адказ Аляксандра Лукашэнкі на гэтае пытанне гучаў расплывіста.

«У мяне аніводны пункт, з прапанаваных вамі, не выклікае аніякага адрыньванння альбо алергіі. Атрымліваеш паслугу – плаці за гэтую паслугу ў поўным аб’ёме. Няхай гэта электрычнасць, цяпло, транспартнае абслугоўванне і.г.д. Не здольны кіраваць прадпрыемствам – аддай гэтае прадпрыемства ў іншыя рукі» – заяўляе кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Адмыслоўцы падсумоўваюць: Аляксандр Лукашэнка спрабуе выдаць змушанае уздаражэнне камунальных паслугаў, на субсідаванне якіх у бюджэту не стае грошай, – за патрабаванне МВФ. А сапраўдных рэформаў, якія б адначасова павялічылі дабрабыт грамадзянаў, але аслабілі б ягоную палітычную ўладу, спрабуе пазбегнуць.

«Насамрэч улады Беларусі пакуль што не гатовыя да сапраўдных рэформаў. У іх яшчэ ёсць спадзеў, што ўдасца замяніць рэформы нейкімі псеўдарэформамі» – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Гэтак, праграму, пад якую фонд выдзеліў нашай краіне крэдыт на 300 мільёнаў долараў яшчэ ў 1995 годзе, Аляксандр Лукашэнка згарнуў на паўдарогі, не атрымаўшы ў выніку паловы грошай. У 2009 годзе, калі МВФ пазычыў нашай краіне ўжо 3,5 мільярды, праграма перастала выконвацца пасля атрымання апошняга траншу крэдыту.

«Гэтыя трукі, МВФ даўно іх разумее, і ўлетку сёлета яны сказалі, што нас цікавіць не столькі набор захадаў, колькі пытанне мэты: чаго вы хочаце дамагчыся» – распавядае эканаміст Сяргей Чалы.

Між тым, тлумачыць Сяргей Чалы, адказу на гэтае пытанне на сённяшні дзень не могуць даць ані самі ўрадоўцы, якія апошнія месяцы выступаюць з супрацьлеглымі заявамі адносна чаканых рэформаў, таму, на думку гэтага адмыслоўца, надзеі на крэдыт МВФ пакуль нязначныя.

Адмыслоўцы нагадваюць: у наступным годзе нашая краіна мусіць выплаціць замежным крэдыторам амаль тры з паловаю мільярды долараў. Грошай на гэта няма, а перапазычыць няма дзе. Апроч як у Міжнароднага валютнага фонду ды Еўразійскага фонду стабілізацыі, якія, аднак, абодва патрабуюць рэформаў.

Станіслаў Івашкевіч[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў