Беларусы занялі 4 месца ў «Армейскіх міжнародных гульнях». У чым былі найлепшымі?


Беларускія вайскоўцы занялі 4-е месяца сярод 28 краінаў-удзельніц чэмпіянату «Армейскія міжнародныя гульні», які праходзіў з 28 ліпеня па 12 жніўня.

Спаборніцтвы праходзілі на тэрыторыі Расеі, Казахстана, Беларусі, Кітая і Азербайджана.

Ганна Кавалеўская на агнявым рубяжы. Фота Ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр»

Беларусы атрымалі адно першае месца – у спаборніцтве «Ваяр садружнасці». Гэта быў конкурс для камандаў пехацінцаў-стралкоў. Пры гэтым перамагла ў стральбе з аўтамата Ак-74 у межах конкурсу яфрэйтар кантрактнай службы беларуска Ганна Кавалеўская.

Падчас конкурсу «Чыстае неба», які праходзіў у Кітаі, нашыя жаўнеры карысталіся кітайскім бронетранспарцёрам. Фота Ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр»

Беларусы таксама атрымалі «серабро» у конкурсах «Ключы ад неба» і «Чыстае неба», падчас якога змагаліся за першынства разлікі супрацьпаветранай абароны.

Конкурс «Чыстае неба». Крыніца – Мінабароны РФ.

Другое месца нашы ваяры атрымалі таксама на конкурсах «Палявая кухня» (спаборніцтва вайсковых кухараў), «Бяспечны маршрут» (сапёры шукалі і здымалі міны), «Верны сябра» (конкурс вайсковых кінолагаў).

Беларуская каманда на конкурсе «Верны сябра». Фота Ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр»

«Серабро» нашыя таксама ўзялі на конкурсе «Інжынерная формула» – у якім вайскоўцы паказвалі майстэрства ў ліквідацыі і пабудове перашкодаў, аднаўленні дарог, манеўраванні на інжынернай плаваючай тэхніцы.

Беларусы на «Інжынернай формуле»

На важнейшым для сучаснай арміі конкурсе «Майстры артылерыйскага агню» беларусы таксама ўзялі другое месца, прапусціўшы наперад толькі калегаў з Казахстану. Разлікі трэнаваліся ў хуткасці разгортвання баявой пазіцыі, трапнасці стральбы са 120-мм мінамёта, пераадольванні перашкодаў.

Падчас спаборніцтва «Майстры артылерыйскага агню». Фота armygames2017.mil.ru

Таксама нашыя хлопцы і дзяўчыны атрымалі «бронзу» на конкурсах «Ваенна-медычная эстафета» і «Бяспечнае наваколле» (спаборніцтвы спецыялістаў па радыёлагічнай, хімічнай і бактэрыялагічнай абароне).

З апошніх сілаў бяжыць беларускі жаўнер, каб здабыць сваёй камандзе медаль на «Ваенна-медычнай эстафеце». Фота armygames2017.mil.ru

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў