Беларусы за дзень назбіралі грошы, каб выправіць Віталя Гуркова на чэмпіянат свету


Беларусы надзвычай актыўна падтрымалі кампанію збору грошай для вядомага спартоўца і музыкі Віталя Гуркова, каб выправіць яго на чэмпіянат свету па муай-тай. Патрэбную суму назбіралі за адзін дзень.

13 красавіка стала вядома, што адзін з вакалістаў гурта «Brutto» і сусветнавядомы баец, які ў сакавіку чарговы раз стаў чэмпіёнам Беларусі па тайскім боксе, Віталь Гуркоў больш не знаходзіцца на стаўцы ў Міністэрстве спорту і дзяржава не плаціць яму заробку. Пад пагрозаю стаў удзел беларускага спартоўца ў чэмпіянаце свету ў Швецыі. Перад гэтым кіраўніцтва Федэрацыі муай-тай і кікбоксінгу крытыкавала здымкі Гуркова з «Пагоняй», ягоныя гістарычныя перапосты ў «Фэйсбуку». У прэзідыуме Федэрацыі з’явіліся незразумелыя людзі, якія сачылі за яго перасоўваннямі, маніторылі інтэрнэт і збіралі на спартоўца кампрамат.

У рэакцыі на гэтую навіну на платформе Talaka.by быў абвешчаны збор грошай на ўдзел Віталя ў чэмпіянаце свету. «Віталь Гуркоў – сапраўдны «Народны Чэмпіён», сусветная зорка муай-тай, здольны годна прадставіць Беларусь і атрымаць перамогу на сусветным першынстве. Давайце дапаможам яму сабраць неабходную суму для паездкі на чэмпіянат свету па муай-тай у Швецыі!», – напісалі арганізатары збору грошай.

Было запланавана сабраць Br 68 млн 200 тыс (каля € 3 тыс.). Усе патрэбныя грошы забралі за адзін дзень. Ахвяраванні ўнеслі 170 чалавек.


 

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў