Беларусы з Падляшша выступілі ў абарону «Белсату»


Рэгіянальнае аддзяленне польскага дзяржаўнага тэлебачання «TVP Białystok» выпусціла ў эфір матэрыял, прысвечаны нашаму тэлеканалу.

У праграме «Беларускі тыдзень»Białoruski tydzień») распавялі пра ролю «Белсату» для Беларусі і беларуска-польскага памежжа.

Ежы Каліна, кіраўнік беластоцкай рэдакцыі «Белсату» звярнуў увагу на важнасць адзінага беларускамоўнага тэлебачання для айчыннай журналістыкі.

«Калі мы пачыналі, то людзі не ведалі з якога боку камеры трэба стаяць. Так паўставаў тэлечасопіс «Рэпартэр», які мы робім у Беластоку. Думаю, што за 9 гадоў праз гэтую рэдакцыю [«Рэпартэр». – belsat.eu] прайшло каля сотні журналістаў, якія дзякуючы «Белсату» сталі прафесійнымі тэлежурналістамі. «Белсат» зрабіў значны ўклад і ў беларускую дакументалістыку. Калі «Белсат» знікне, то ўсе гэтыя людзі застануцца ў беларускай журналісцкай прасторы», – мяркуе Ежы Каліна.

Паводле кіраўніка беластоцкай рэдакцыі нашага тэлеканалу, «Белсат» гэта яшчэ і актыўны ўдзельнік культурнага жыцця. «Белсат» прасоўвае беларускую літаратуру, кіно і тэатр.

«Не ўсе ведаюць, што дзякуючы «Белсату» класіка мастацкага кінематографу і дакументалістыкі была перакладзеная на беларускую мову. Я не ведаю, хто ў Беларусі мае такі вялікі беларускамоўны відэаархіў», – кажа Ежы Каліна.

ПАДТРЫМАЙ «БЕЛСАТ»! ПАДПІШЫ ПЕТЫЦЫЮ!

18 снежня міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўкі агучыў у інтэрв’ю выданню Wpolityce.pl, што ўрад замест тэлеканалу «Белсат» плануе стварыць адзіны канал вяшчання для палякаў замежжа.

PJr, belsat.eu/pl

Глядзі таксама
Каментары