Беларусы, якіх запісалі ў «брусельскія смяротнікі», зняпраўдзілі сваю датычнасць да тэрактаў


Халід Доўбаш. Фота з старонкі ва «УКантакце»

Сулейман і Халід Доўбашы заяўляюць, што не маюць ніякага дачынення да арганізацыі тэрактаў у Бруселі.

Радыё «Свабодзе» ўдалося праз сацыяльныя сеткі завязацца з дзвюма асобамі, якіх некаторыя расейскія і беларускія медыі абвінавацілі ў датычнасці да сённяшніх брусельскіх тэрактаў.

Аднаго з карыстальнікаў сацсеткі завуць Сулейман Доўбаш, другога – Халід Доўбаш.

Сулейман пацвердзіў, што ягонае беларускае імя – Іван.

Абодва адказалі на пытанні наконт іх магчымай датычнасці да сённяшніх тэрактаў у Бруселі.

Сулейман Доўбаш напісаў: «Гэтыя артыкулы – чарговая жоўтая прэса і бяздумныя спробы ўбогіх журналістаў атрымаць чарговую «зорачку». Першы артыкул выйшаў 14-га сакавіка. Нас там запісалі ў смяротнікі, пры гэтым нас не шукала паліцыя, нам ніхто нават не тэлефанаваў. Не лічыце дзіўным? Інфармацыя ж ад спецслужбаў правераная. Акрамя таго, для супрацоўнікаў паліцыі не складзе цяжкасці праверыць, выязджалі мы ў Сірыю ці не».

Сулейман Доўбаш адзначыў, што ён з братам звярнуўся ў спецслужбы па тлумачэнне сітуацыі, але ім адказалі, што нічога падобнага ім не вядома і супрацьбратоў яны нічога не маюць.

«І самае галоўнае, калі мы смяротнікі – чаму мы жывыя цяпер? Калі мы тэрарысты – чаму нас не арыштавалі?», – сказаў спадар Доўбаш.

Ягоны брат Халід Доўбаш адказаў на пытанне, ці ведае ён Марата Юнусава, які таксама нібыта паходзіць з Беларусі і мае дачыненне да тэрактаў у Бруселі.

«Дзякуй за ваш клопат, у вашай шчырасці я ані не сумняваюся. Зразумейце адно важнае правіла – я не буду апраўдвацца перад вашымі здагадкамі. Калі ў вас ёсць доказы, што я нейкім чынам з ім звязаны, або ўваходзіў з ім у кантакт, ці стаяў з ім на адной вуліцы, і вы яго прадставіце мне, тады я буду лічыць дарэчным вам адказаць… А паколькі ў вас такой інфармацыі няма і ніколі яе ў вас не будзе, я не стану апускацца на ўзровень абвяржэння вашых выдумак».

Абодва браты заявілі, што жывуць у Бельгіі і ніколі не мелі праблемаў з мясцовымі спецслужбамі.

Расейскія медыі пісалі 14-га сакавіка пра двух беларусаў-братоў, якія нібыта рыхтуюць тэракты ў Бельгіі.

Беларускі партал TUT.BY напісаў, што двух беларусаў правяраюць на датычнасць да тэрактаў у Бруселі.

Прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын паведаміў «Белсату», што браты-ісламісты вядомыя КДБ, іхныя асабовасці правяраюцца.

Чатыры выбухі сёння прагрымелі ў Бруселі. Першыя два а 8:20 паводле мясцовага часу здарыліся ў аэрапорце, яшчэ два пазней ў метро. У выніку тэрактаў загінулі па меншай меры 27 асобаў, пацярпелых нашмат больш. Беларускі МЗС пакуль не паведамляў пра параненых беларусаў.

Браты Доўбашы і Марат Юнусаў, якіх правяраюць на дачыненне да тэрактаў, родам з Гомельскай вобласці і ўжо некалькі гадоў жывуць у Еўропе. Пра гэта TUT.BY паведаміла інфармаваная крыніца.

Марат Юнусаў атрымаў грамадзянства Бельгіі ў 2008 годзе. Аляксей Доўбаш і яго малодшы брат Іван жылі ў Бельгіі з 2007 года. Усе яны прынялі іслам. Браты пераехалі ў Еўропу з маці, калі былі яшчэ дзецьмі. Пасля разводу яна выйшла замуж за бельгійца і забрала з сабой у Брусель сыноў. Іх бацька па-ранейшаму жыве на Гомельшчыне.

МЯ, паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары