Беларусы выкладваюць у сеціва здымкі з «Пагоняй», каб падтрымаць кадэтаў з Ястрамбелі

photo

Грамадская пляцоўка «Арт Сядзіба» распачынае акцыю салідарнасці #ПагоняПобач і заклікае далучыцца ўсіх неабыякавых

«У Беларусі вакол нацыянальнага сімвала «Пагоня» адбываюцца дзіўныя рэчы: герб занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а за шалік з «Пагоняй» на футболе даюць штрафы. «Пагоня» ёсць на гербах гарадоў і вобласцяў Беларусі, а хлопцаў, якія апранулі з ёю цішоткі, выганяюць са школы», – падае сайт «Арт Сядзібы».

Між тым пра «Пагоню» пісаў вершы класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч. Пра «Пагоню» спяваў Уладзімір Мулявін з ансамблем «Песняры», а Аляксандр Лукашэнка клаў руку на канстытуцыю Беларусі з «Пагоняй», калі прымаў першы раз прысягу на пасаду прэзідэнта.

«Для нас «Пагоня» – гэта нацыянальны сімвал, пад якім Беларусь атрымала незалежнасць. І ганебнымі выглядаюць шматлікія выпадкі, калі за публічнае выкарыстанне нацыянальных сімвалаў беларусы становяцца ахвярамі незаконных дзеянняў дзяржаўных структур», – адзначае пляцоўка.

«Пагоня побач – будзем жыць», – гэта заклік кампаніі салідарнасці, якую распачынае «Арт Сядзіба».

Яна заклікае публікаваць з хэштэгам #ПагоняПобач здымкі з «Пагоняй» і распавядаць пра сваё стаўленне да герба ды распаўсюджваць гэты сімвал на налепках, магнітах, значках і г.д.14 варыянтаў «Пагоні» можна спампаваць ТУТ.

Акрамя гэтага пляцоўка заахвочвае падтрымаць кадэтаў Ястрамбельскай школы-інтэрнату, падпісаўшы петыцыю ці звярнуўшыся да міністра адукацыі. Акцыю ўжо падтрымалі першыя ахвотнікі.

Пагоня побач

Радыё «Свабода» са спасылкай на грамадскага актывіста Мікіту Броўку падае, што ўсіх кадэтаў Ястрамбельскай школы-інтэрнату, якія сфатаграфаваліся з «Пагоняй», адлічылі. Звольнілі таксама дырэктара вучэльні Аляксандра Калько, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод кадэтаў. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма.

У сваю чаргу карэспандэнту «Салідарнасці» патэлефанаваў малады чалавек, які назваўся адным з герояў фотаздымка.

Па яго словах, дырэктар навучальнай установы заступаўся за ўдзельнікаў фатаграфавання: «Гэта не яго ініцыятыва была. Яму тэлефанавалі аднекуль зверху. Ён за нас заступаўся, бараніў. Казаў, што мы добрыя хлопцы, кадэты».

Па словах суразмоўцы, афіцыйна пра адлічэнне ніхто не казаў. Ішла гаворка пра магчымы перавод на ранейшыя месцы вучобы. Расказаў ён і пра адлічанага калегу. Па яго словах, дакументы з вучэльні забралі яго бацькі, нібыта гэта іх уласная ініцыятыва.

Раней гаворка вялася пра адлічэнне толькі аднаго навучэнца, які выклаў фота ў сеціва.

Belsat.eu паразмаўляў з адным з курсантаў, што фігуруе на здымку з «Пагоняй». Юнак прызнаўся, што ў кадэтаў узніклі «праблемы з КДБ». Аднак потым хлопец сказаў, што пажартаваў.

Здымак юнакоў у кадэцкай форме, з-пад якой яны дэманстравалі цішоткі з «Пагоняй», апублікавала суполка «Мая краіна Беларусь» «УКантакце» з подпісам – «Прывітанне з Баранавічаў». Фота імкліва разышлося па сацсетках, выклікаўшы нервовую рэакцыю ў дзяржаўных ідэолагаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары