Беларусы-тэрарысты ў гісторыі: топ-6


Сёння Беларусь была шакаваная тым, што да тэракту ў Бруселі могуць быць датычныя беларусы. На шчасце, гэтая інфармацыя не пацвердзілася. А ці ўдзельнічалі калі-небудзь беларусы ў тэроры? Выданне «Intex-press» згадала гісторыі найбольш вядомых беларускіх землякоў, якія з дапамогаю тэрактаў і зброі спрабавалі вырашаць палітычныя пытанні.

 

Ігнат Грынявіцкі
Ігнат Грынявіцкі

Ігнат Грынявіцкі (1856, вёска Калінаўка, Магілёўская вобласць – 13 сакавіка 1881, Санкт-Пецярбург) – беларускі рэвалюцыянер-нарадаволец, які забіў бомбаю расейскага імператара Аляксандра ІІ. Падчас тэракту Ігнат быў таксама паранены і памёр, не назваўшы сваё імя паліцыі.

 

Лідзія Язерская
Лідзія Язерская

Лідзія Язерская, у дзявоцтве Казановіч, (1866, Магілёў, Магілёўская губерня – 30 верасня 1915, Якуцк) – сябра партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. 29 кастрычніка 1905 г.

Лідзія Язерская пад прозвішчам баранесы Меендорф прыйшла да губернатара Магілёўскай губерні Клінгенберга на прыём і тройчы стрэліла па ім з браўнінга, параніўшы ў жывот ды руку. 7 сакавіка 1906 г. Кіеўская судовая палата асудзіла яе «за наўмысны замах на забойства» да 13 гадоў і 6 месяцаў катаргі, дзе яна і памерла.

Іван Пуліхаў
Іван Пуліхаў

Іван Пуліхаў (5 верасня 1879 – 11 сакавіка 1906) – рэвалюцыянер, тэрарыст, сябра партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Здзейсніў няўдалы замах на менскага генерал-губернатара Пятра Курлова, за які па прыгаворы суда быў пакараны смерцю. Пахаваны ў Менску на Вайсковых могілках. Яго імем названая адна з вуліц Менску.

Барыс Кавэрда
Барыс Кавэрда

Барыс Кавэрда (12 жніўня 1907, Вільня – 18 лютага 1987, Вашынгтон, ЗША) – дзеяч рускай Белай эміграцыі беларускага паходжання. У 1927 годзе здзейсніў забойства паўпрэда СССР у Варшаве Пятра Войкава, за ўдзел таго ў расстрэле царскай сям’і і наагул за чырвоны тэрор.

7 чэрвеня 1927 года Кавэрда прыйшоў на перон Варшаўскага вакзалу і там убачыў Войкава, якога ўжо ведаў у твар. Зрабіўшы некалькі стрэлаў, Кавэрда цяжка параніў Войкава і здаўся паліцыянтам. На судзе Кавэрда заявіў: «Прызнаю, што забіў Войкава, але вінаватым сябе не лічу. Я застрэліў Войкава за ўсё тое, што здзейснілі бальшавікі ў Расеі, – за мільёны людзей…».

Не жадаючы абвастрэння з Саветамі, польскі суд засудзіў Кавэрду на пажыццёвыя катаржныя работы, якія пасля замянілі на 15-гадовыя. Вызвалены па амністыі ў 1937 годзе, пасля таго як адбыў 10 гадоў пакарання.

Сяргей Прытыцкі
Сяргей Прытыцкі

Сяргей Прытыцкі (1 лютага 1913, в. Гаркавічы Гарадзенскай губерні – 13 чэрвеня 1971, Менск) – палітычны дзеяч Заходняй Беларусі і БССР.

27 студзеня 1936 у зале Віленскага акруговага суда на судовым працэсе над 17 рэвалюцыйнымі дзеячамі застрэліў сведку з боку абвінавачання Якава Стральчука; пры арышце сам быў цяжка паранены.

У чэрвені 1936 прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд выклікаў шматлікія акцыі пратэсту і кампанію салідарнасці ў шмат якіх краінах свету. У выніку смяротны прысуд быў заменены пажыццёвым турэмным зняволеннем. Вызвалены з турмы ў верасні 1939 года ў сувязі з фактычным распадам польскай дзяржавы.

Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў
Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў

Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў былі прызнаныя судом вінаватымі ў падрыхтоўцы і выкананні тэрарыстычнага акту, што адбыўся 11 красавіка 2011 года ў Менску. Выбух адбыўся каля другога вагона ў цягніку, які павінен быў рухацца на станцыю «Інстытут Культуры». Магутнасць выбуховага прыстасавання, паводле папярэдніх звестак, склала ад 5 да 7 кг у тратылавым эквіваленце і была начыненая металёвымі элементамі, каб павялічыць паражальнае ўздзеянне і выклікаць шматлікія аскепкавыя раненні. Па факце выбуху была распачатая крымінальная справа па частцы 3 артыкула 289 («Тэрарызм») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Подле абвінавачання ў здзяйсненні тэракту да вышэйшай меры пакарання былі асуджаныя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў былі асуджаныя да смяротнага пакарання, нягледзячы на тое, што шмат якія праваабарончыя арганізацыі палічылі факты іх віны недастаткова даказанымі.

belsat.eu паводле intex-press.by

Стужка навінаў