Беларусы свету ладзяць «міжкантынентальны» забег да Дня Волі


Напярэдадні гадавіны абвешчання БНР беларусы замежжа плануюць зладзіць забег. «У любой краіне, у любы час, на любую дыстанцыю, без абмежаванняў. Бо гэта ж – Дзень Волі» – пішуць арганізатары.

Свой удзел пацвердзілі беларусы і беларускі з розных краінаў, напрыклад, ЗША, Аргентыны, Польшчы, Бразіліі, Тайланду ды Шры-Ланкі. Акрамя таго, з беларусамі салідарызуюцца замежнікі. Напрыклад, вядомая ў Беларусі паэтка іспанка Анхела Эспіноса Руіс таксама плануе ўзяць удзел у забегу.

«Мэта – адсвяткаваць Дзень Волі і сабраць беларусаў што бягуць, у розных куточках свету, і бегчы разам, нягледзячы на адлегласць і часавыя паясы, адчуць, што мы разам. Бяжым 24-га, бо і трэцяя ўстаўная грамата прымалася з 24 на 25, а 25га ўжо святкавалася. Гэтак і мы – прабяжым, “адпрацуем” свае кіламетры, а ў Дзень Волі будзем падлічваць, колькі набеглі разам ды глядзець трансляцыю з опернага», – гаворыць адна з арганізатарак Вольга Ермалаева Франко, якая цяпер жыве ў Бразіліі.

Умовы ўдзелу ў забегу – прабегчы 24 сакавіка адвольную дыстанцыю ў зручным тэмпе, фіксуючы прабежку на адну з спецыялізаваных праграмаў. Потым сфатаграфавацца з нацыянальным сцягам, гербам або ў вопратцы колераў сцягу і змясціць фота ды спасылку на вынік прабежкі ў сацыяльных сетках з хэштэгам #belarus100run.



Спачатку планавалася сабраць дзесяць асобаў з розных кантынентаў, каб кожны прабег па 10 кіламетраў, што дало б у суме 100, як 100 гадоў БНР. «Але адгукнулася ў першы ж дзень столькі народу, што стала ясна: трэба пашыраць фармат, нельга ж у Дзень Волі абмяжоўваць, – дадае Вольга. – Калі чалавек хоча бегаць – неабавязкова мусіць быць чэмпіёнам. Нам пішуць: калі не будзе больш прафесійных удзельнікаў, ці можна мне далучыцца? Дык вось, усім можна! Хай гэта будзе вашая першая стометроўка, ці адна з звычайных трэніровак, толькі з сцягам і хэштэгам. Хай збярэцца цэлая банда (з Беларускай хаткі Сан Дыега (ЗША) напісалі, што там ужо дзесяць чалавек сабралі), або акрамя вас нікога ў вашай мясцовасці больш ня будзе – усё адно мы разам».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў