Беларусы супраць тэрарыстаў, а ўкраінскія чыноўнікі супраць беларусаў


Беларусы ваююць з расейскімі баевікамі на Данбасе з самага пачатку канфлікту. Яны б’юць ворага і самі нясуць страты. Гэтыя беларусы кажуць, што б’юцца не толькі за свабодную Украіну, але і за будучую незалежную Беларусь.

Нашыя суайчыннікі служаць у розных украінскіх добраахвотніцкіх батальёнах. Але амаль у кожнага з іх ёсць агульны вораг, якога нельга перамагчы зброяй – старая традыцыйная ўкраінская бюракратыя.

«ДОК», ТАКТЫЧНАЯ ГРУПА «БЕЛАРУСЬ», БАТАЛЬЁН «ПРАВЫ СЕКТАР»:

«Практычна па ўсіх добраахвотніках з розных краін існуе ўціск з боку дзяржаўных структураў, то бок банальна прыходзіш да іх і як мінімум уваходзіш апошні ў чарзе. Пасля гэтага пачынаюцца спробы не прыняць дакументы ў першы ж дзень».

Заканчваюцца бюракратычныя фокусы адмовай у прыняцці дакументаў. Таму шмат хто з добраахвотнікаў дагэтуль не можа атрымаць не тое што ўкраінскага грамадзянства, а проста легальнага статусу. Ёсць і выключэнні з кепскага правіла: летась Пятро Парашэнка ўручыў украінскі пашпарт Сяргею Кароткіх, беларускаму байцу батальёну «Азоў».

СЯРГЕЙ ГУНЬКО, ДЗЯРЖАЎНАЯ МІГРАЦЫЙНАЯ СЛУЖБА УКРАІНЫ:

«Калі чалавек сапраўды мае заслугі перад Украінай, то вядома, што камандзір таго батальёну ці міністр унутраных справаў, або міністр абароны, якому падпарадкаваны батальён, могуць ініцыяваць і напісаць такі зварот. Адпаведна мы аформім і дакументы – на міграцыю або на грамадзянства. Ніякіх праблемаў тут няма».

Чыноўнікі кажуць прыгожа, а на справе зусім іначай. Зміцер жыве ва Украіне ўжо 9 гадоў, ён жанаты на ўкраінцы, ён ваяваў у батальёне «Данбас» і быў паранены за Украіну. А пашпарта з Трызубам не атрымаў.

ЗМІЦЕР, БЕЛАРУСКІ ДОБРААХВОТНІК, БАТАЛЬЁН «ДАНБАС»:

«Я накіроўваў запыт міністру МУС Арсену Авакаву, з якім мы асабіста размаўлялі ўсё мінулае лета, і мой запыт ён проста пераадрасаваў у міграцыйную службу».

А працаўнікі міграцыйнай службы хочуць, каб баец-добраахвотнік паехаў у Беларусь мяняць пашпарт і атрымліваць даведку аб несудзімасці. Пры тым што на радзіме сваякоў ужо выклікалі на допыты. Кіраўнік КДБ Вакульчык таксама сказаў, што на Данбасе ёсць беларусы, якія ваююць як найміты, і дома іх чакае крымінальная адказнасць.

ВАЛЕРЫЙ ВАКУЛЬЧЫК, КІРАЎНІК КДБ:

«Потым яны прыедуць сюды, маючы вопыт забіваць людзей. Трэба задумацца над гэтаю праблемаю, вырашаць яе».

Цяпер жа большасці замежных добраахвотнікаў пагражае дэпартацыя. Ваюючы за Украіну, яны перавысілі легальны тэрмін – 90 дзён, у які маглі звяртацца па грамадзянства, пасведчанне на жыхарства або прытулак. Беларускі баец «Правага сектару» з пазыўным «Док» пайшоў на скрайні крок – звярнуўся ў міграцыйную службу па атрыманне прытулку як уцякач. І дамагацца легалізацыі ён будзе негвалтоўным шляхам – праз суд.

«ДОК», ТАКТЫЧНАЯ ГРУПА «БЕЛАРУСЬ», БАТАЛЬЁН «ПРАВЫ СЕКТАР»:

«Я пайшоў на гэты крок, каб прабіць шлях і тым, у каго агромністыя праблемы з дакументамі – згарэў пашпарт у баях, альбо яго скралі, альбо чалавека збіраюцца дэпартаваць».

«Док» кажа, што гэтыя чыноўнікі проста прызвычаіліся працаваць па-старому, як за Януковічам. Але сітуацыя вакол беларускіх добраахвотнікаў прыцягвае ўсё больш увагі да дзеянняў міграцыйнай службы. І можа скончыцца вялікімі зменамі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў