Беларусы старэюць і выміраюць


За апошнія 18 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася больш чым на 500 тысячаў чалавек. За гэты ж час колькасць пенсіянераў павялічалася на 5 адсоткаў. Такія дадзеныя вынікаюць са звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Паводле дадзеных, апублікаваных у Дэмаграфічным штодзённіку Беларусі, яшчэ ў 2000 годзе ў нашай краіне пражывала крыху болей за 10 мільёнаў чалавек. У гэты ж год колькасць асобаў, старэйшых, а таксама маладзейшых за працаздольны ўзрост складала прыкладна каля 20 % ад агульнай колькасці насельніцтва.

З 2000 году сітуацыя пачала істотна мяняцца. Гэта быў апошні год у найноўшай гісторыі краіны, калі беларусаў было больш за 10 мільёнаў. Пры гэтым колькасць пенсіянераў істотна вырасла і сёлета складае ў сярэднім па краіне ўжо больш за 25 %. Колькасць жа няпоўнагадовых наадварот зменшылася ў 2018 да 17 %.

Паводле падлікаў статыстычнага зборніка, 18 гадоў таму на 1000 працаздольных асобаў прыходзілася 370 пенсіянераў і 356 дзяцей. Сёлета ж колькасць пенсіянераў на 1000 працаздольных складае ўжо 438, дзяцей – 320. Адпаведна, паводле Белстату, дэмаграфічны цяжар на працаздольнае насельніцтва павялічваецца.

Але, на думку эканаміста Міхала Залескага, словы пра цяжар і складанасці для працаздольнага насельніцтва не зусім адпавядаюць рэчаіснасці.

Насамрэч трэба звяртаць увагу на тое, якім чынам прапаганда карыстаецца гэтымі лічбамі, звяртае ўвагу Міхал Залескі, – Тут галоўным чынам вядзецца пра павышэнне пенсійнага ўзросту і скарачэнне пенсійнага забеспячэння. Маўляў, на пенсіянераў няма каму рабіць. Але няма патрэбы, каб яны на мяне рабілі, няхай робяць самі на сябе. А мне вярніце тое, што я адкладваў на працягу 50 гадоў.

Што да лічбаў дэмаграфіі, – працягвае Міхал Залескі, – то па-сутнасці гэта нармальны працэс. Паколькі не адбываецца эканамічных зменаў, то гэты ландшафт проста не ў стане пракарміць вялікую колькасць людзей. Тут я кажу пра нашу эканамічную арганізацыю. Таму мы бядуем і насельніцтва імкліва скарачаецца.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў