Беларусы Швейцарыі на Дзяды ўшанавалі памяць беларускай мецэнаткі Магдалены Радзівіл

photo

Беларусы на Дзяды адведалі магілу Марыі Магдалены Радзівіл

Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі традыцыйна зладзіла Дзяды пад Фрыбургам. Штогод сябры асацыяцыі ўшаноўваюць памяць сваёй зямлячкі Марыі Магдалены Радзівіл і ейнай дачкі Марыі Людвігі, якія пахаваныя на тэрыторыі жаночага кляштару ў мястэчку Бургульён блізу Фрыбургу.

Магіла беларускай мецэнаткі Марыі Магдалены Радзівіл

Магіла беларускай мецэнаткі Марыі Магдалены Радзівіл

На Дзяды былі запрошаныя таксама госці з амбасады Беларусі ў Берне. Прыбыў таксама прапраўнук Марыі Магдалены Радзівіл – спадар Антоніа дэ Бурбон Сіцылійскі.

Прысутныя ўсклалі кветкі на магілу Магдалены Радзіл і чарговы раз нагадалі пра ейную ролю ў беларускай гісторыі, унёсак і ахвярнасць у падтрыманне беларускай культуры і літаратуры, дапамогу і падтрымку беларускіх школаў і гімназіяў.

Трэці справа – прапраўнук Марыі Магдалены Радзівіл спадар Антоніа дэ Бурбон Сіцылійскі

Трэці справа – прапраўнук Марыі Магдалены Радзівіл спадар Антоніа дэ Бурбон Сіцылійскі

Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі выказала ўдзячнасць спадару дэ Бурбону, які ўжо ў свае немаладыя гады знайшоў час і сілы прыехаць на Дзяды. Падчас сустрэчы беларусы мелі магчымасць задаць яму пытанні пра ягоныя ўспаміны аб прапрабабулі, ягонае дзяцінства, жыццё падчас Другой сусветнай вайны, сямейнае дрэва і іншых прадстаўнікоў роду Радзвілаў.

Падарункі для прапраўнука княгіні Магдалены Радзівіл

Падарункі для прапраўнука княгіні Магдалены Радзівіл

Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі разам з амбасадай Беларусі ў Берне ў якасці падзякі падрыхтавалі спадару дэ Бурбону памятныя падарункі, якія будуць нагадваць яму пра краіну, якую так любіла і падтрымлівала ягоная прапрабабуля Марыя Магдалена Радзівіл.

Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі пазнаёмілася са спадаром Антоніа дэ Бурбонам Сіцылійскім яшчэ ў 2013 годзе, спаткаўшы яго і ягоную жонку падчас наведвання магілы Марыі Магдалены Радзівіл.

МЯ, belsat.eu. Фота Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі

Глядзі таксама
Каментары