Беларусы плоцяць прафсаюзам, а тыя хаваюць іх няшчасныя выпадкі


У дзяржаўную Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) уваходзяць 97% працоўных (4,2 млн чалавек), тады як пад эгідай Асацыяцыі незалежных прафсаюзаў – не больш за 10 тысяч. У інтэрв’ю са старшынём Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандрам Ярашуком журналіст belsat.eu Яўген Балінскі паспрабаваў разабрацца, ці з’яўляецца вялікая колькасць чальцоў арганізацыі сведчаннем высокай якасці яе працы.

40% беларусаў не ведаюць, што яны ў прафсаюзе, хоць плацяць унёскі

 У 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка казаў пра тое, што на дзяржаўных прадпрыемствах «людзі ў абароне не маюць патрэбы», а вось на прыватныя, маўляў, варта звярнуць увагу – дзяржава сапраўды больш садзейнічае абароне правоў працоўных?

 Калі весці гаворку аб’ектыўна, то можна не сумнявацца, што з прыватнікамі значна прасцей мець справу – гэта яго прадпрыемства, ён зацікаўлены, каб людзі аддавалі перавагу працы на яго прадпрыемстве, для чаго іх і стымулюе. Дзяржпрадпрыемствам жа кіруюць чыноўнікі-фаварыты, якія ні за што не адказваюць. Нашыя людзі прызвычаіліся жыць у патэрналісцкай дзяржаве, а патэрналізм робіць людзей інвалідамі – яны проста адвыкаюць прымаць свае ўласныя рашэнні. Гэтая прымітыўная філасофія вельмі лёгка і прыжываецца, што, маўляў, на дзяржаўных прадпрыемствах клапоцяцца аб працоўных, а на прыватных больш схільныя парушаць правы.

– Чаму ж у нас дзяржаўнікі менш клапоцяцца пра абарону правоў працоўных, чым прыватнікі? У ЕЗ сітуацыя супрацьлеглая.

 Таму што эканоміка ў нас дзяржаўная, як і інспектуючыя органы. Абарона правоў працоўных – сфера вельмі дарагая, і дзяржава не зацікаўленая ў тым, каб «марнаваць» велізарныя сродкі. Яе рэальны інтарэс праяўляецца ў тым, каб закамуфляваць тыя ці іншыя непрыемныя сітуацыі замест таго, каб марнаваць сапраўды вялікія грошы на паляпшэнне ўмоваў працы. І нашы людзі пастаянна спрыяюць ўтойванню, а потым горка шкадуюць: але давесці, што недзеяздольнасць набытая з прычыны траўмы або атручвання на вытворчасці, пасля гэтага ўжо немагчыма. Людзі згодныя падвяргаць сябе небяспецы, не ўсведамляючы таго, што заробленыя грошы з высокай доляй імавернасці давядзецца выдаткаваць на лячэнне. І асноўная мэта сапраўдных прафсаюзаў – не вырашэнне пытанняў заработнай платы, а якраз-такі, паляпшэнне сітуацыі з бяспекаю працы.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

– Чым яшчэ павінен займацца сапраўдны прафсаюз?

– У нас людзі ў прынцыпе не разумеюць, што такое прафсаюз. Ім здаецца, што вось, яны звернуцца да нейкіх-там людзей, і тыя вырашаць усе іхныя праблемы, але так не бывае. Сапраўдны прафсаюз – гэта самаарганізаваная, самадысцыплінаваная група рабочых, якія жадаюць чагосьці дамагчыся, якая прымушае лічыцца з сабой кіраўніцтва прадпрыемства.

– У найбуйнейшым незалежным прафсаюзе «БНП» састаіць усяго 6 тыс. чалавек. Такая малая колькасць абумоўленая процідзеяннямі з боку ўлады або тым, што ў большасці грамадзянаў няма наогул ніякага разумення каштоўнасці правоў чалавека?

 Вядома, фактар адсутнасці прававой пісьменнасці мае вялікую ролю і дзейнічае на карысць рэжыму. Але і нашая структура не можа развівацца – з 1999 года ніводнай нашай арганізацыі не зарэгістравалі. А вы ведаеце, што ўступленне ў незарэгістраваныя арганізацыі ў нашай краіне можа справакаваць крымінальны пераслед, і такія прэцэдэнты былі.

Са з’яўленнем у Беларусі незалежных прафсаюзаў у краіне з’явілася і паняцце «ўступіць у прафсаюз» – бо як і ў савецкія часы, сёння ў прафсаюзы запісваюць усіх запар. На сённяшні дзень 97% працаўнікоў састаіць у дзяржаўных прафсаюзах, але толькі 40% (па дадзеных сацыялагічных даследаванняў) ведаюць пра гэта, хоць унёскі ўтрымліваюць з кожнага. А што да ўступлення ў незалежныя прафсаюзы, то на дадзены момант на гэта адважваюцца толькі людзі, не пазбаўленыя сапраўднай грамадзянскай мужнасці.

Звольнілі за акуляры

– Што ўваходзіць у спіс самых распаўсюджаных парушэнняў?

– Стан ўсёй сферы абароны правоў працаўнікоў мае крытычны характар. Тут і парушэнне тэмпературнага рэжыму, калі працаўнікі ўзімку у цэхах мусяць працаваць пры мінусовай тэмпературы, і масавае ўтойванне фактаў траўмаў на вытворчасці, калі працаўніка ўгаворваюць пацвердзіць, што тую ці іншую траўму ён атрымаў не падчас працы. Дарэчы, галандцы, якія прыязджалі з тамтэйшых хімічных вытворчасцяў, былі шакаваныя «бяспекаю» працы на аналагічных беларускіх заводах. На такія ж прадпрыемствы ў Галандыі арганізоўваюцца экскурсіі для членаў сям’і, каб тыя пераканаліся, што іхныя сямейнікі працуюць у добрых умовах, там паўсюль растуць кветкі – часам і не зразумееш, ці ты на хімзаводзе, ці ў курортнай зоне.

– А ці можна вылучыць якія-небудзь надзвычайныя факты парушэнняў?

– На вытворчасці ўвесь час гінуць людзі, а факты атрыманых праз іх траўмаў у працэсе працы старанна хаваюцца. Паказальным быў выпадак на заводзе «Полацк-Шкловалакно». Шкловалакно вельмі цэняць на рынку, яго прадаюць нават у Амерыку. І гэтаму ёсць тлумачэнне: праца на такіх заводах вельмі небяспечная, і арганізацыя па-сапраўднаму арыентаванай на абарону бяспекі працы прадпрыемства патрабуе велізарных выдаткаў, таму ўсе цывілізаваныя краіны імкнуцца вывесці такія заводы з краіны. Напрыклад, існуе суворы загад працаваць на такой вытворчасці  ў адмысловых акулярах. І гады два таму на полацкім заводзе быў звольнены наш калега, кіраўнік незалежнага прафсаюзу Віктар Стукаў. Што называецца, у рамках закона: ён працаваў без адмысловых акуляраў. Сталі разбірацца, і аказалася, што ўсе на гэтым заводзе працуюць без акуляраў. Правялі экспертызу, якая ўстанавіла: працаваць у іх немагчыма з прычыны іх неналежнай якасці. Быў суд, мы хацелі аднавіць Віктара на пасадзе, на што суддзя нам сказала: маўляў, на складзе ёсць два віды акуляраў: дрэнныя і добрыя, і ўсе працаўнікі чамусьці выбіраюць не тыя. Гэтая сітуацыя вельмі паказальная.

Прафсаюзы прапануюць заплаціць і… цярпець

– Як змянялася сітуацыі з правамі працаўнікоў за час праўлення прэзідэнта Лукашэнкі?

– Зусім нядаўна адбылася Міжнародная канферэнцыя прафсаюзаў, дзе Беларусь увайшла ў дзясятку краінаў з найгоршымі для працаўнікоў умовамі, разам з такімі дзяржавамі, як Свазіленд, Гватэмала, альбо Пакістан. Часцей за Беларусь ніводная краіна не абмяркоўвалася. Наш урад не прыняў ва ўвагу рэкамендацыі, выпрацаваныя МАП. Аднак, праз некаторы час назіраўся пэўны прагрэс: напрыклад, аднавілі нашую арганізацыю ў якасці паўнапраўнага суб’екта сацыяльнага дыялогу, а таксама адмянілі парог ад колькасці рабочых для стварэння прафсаюза.

Але не выканалі самага галоўнага –- не адмянілі дазвольнага прынцыпу стварэння дзейнасці прафсаюзаў. Плюс да гэтага, вы ж памятаеце скандальныя словы кіраўніка ФПБ на з’ездзе, калі ён заклікаў рабочых цярпець. Наколькі крывадушна і цынічна прапаноўваць цярпець людзям, якія іх жа саміх і ўтрымліваюць! Варта, аднак, адзначыць гатоўнасць міністра працы Шчоткінай весці дыялог з МАП, якая цягам мінулага года правяла два карысныя семінары.

– Чаму беларускія ўлады не згодныя з ацэнкаю МАП?

– Таму што прызнаць свае памылкі – значыць, садзейнічаць паляпшэнню сітуацыі. А выкананне ўсіх 12-ці рэкамендацыяў прывядзе да станаўлення сапраўднай дэмакратыі ў гэтай сферы.

– Улічваючы, што краіну захліснуў эканамічны крызіс, як будзе развівацца сітуацыя з прафсаюзамі?

– З аднаго боку добра, што сітуацыя развіваецца менавіта такім чынам. Лепшага спосабу для дыскрэдытацыі ўлады і дзяржпрафсаюзаў немагчыма было прыдумаць. Глыбокі эканамічны крызіс, у які краіна ўцягваецца ўсё больш, безумоўна, хутка не скончыцца, а ягоныя наступствы непрадказальныя. Нашая няздольная нечаму навучыцца нецывілізаваная ўлада не збіраецца нічога прадпрымаць. А сітуацыя будзе абвастрацца. Заробкі, верагодна, будуць падаць, а рост пенсіяў – у лепшым выпадку – замарозяць. Афіцыйныя прафсаюзы будуць абараняць ўладу. Людзі ж прыйдуць да разумення таго, што патрэбная ўстанова, якая рэальна абароніць іх інтарэсы.

Размаўляў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў