Беларусы перамаглі ісландцаў на чэмпіянаце Еўропы па гандболе і ўсталявалі новы рэкорд турніру


У другім матчы чэмпіянату Еўропы па гандболе ў польскім горадзе Катавіцэ 17-га студзеня зборная Беларусі стварыла сенсацыю, абыграўшы з лікам 39:38 зборную Ісландыі. Каманды разам усталявалі новы рэкорд чэмпіянатаў Еўропы, забіўшы на дзве дружыны 77 мячоў. Ранейшы рэкорд – 74 галы.

Перад матчам букмекеры ацэньвалі перамогу беларусаў каэфіцыентам 7 да 1, але беларусы здзівілі ўсіх аматараў еўрапейскага гандболу. Беларуская каманда пайшла на перапынак пасля першага тайму, саступаючы адзін мяч – 17:18. Пасля адпачынку ісландцы адарваліся на тры мячы, але дружына трэнера Юрыя Шаўцова змагла дагнаць і перагнаць суперніка. Пераможны гол за 1 хвіліну ды 11 секунд да канца матчу закінуў Сяргей Рутэнка. А галамі ў беларусаў у гэтым матчы вызначыліся: Пухоўскі – 11, Рутэнка – 8, Баранаў – 7, Бабічаў, Шыловіч – па 4, Юрынок – 3, Кулеш, Нікуленкаў – па 1.

У стартавым матчы чэмпіянату Еўропы зборная Беларусі саступіла 21:27 Харватыі, а Ісландыя 26:25 абыграла Нарвегію. У вырашальным матчы першага этапу зборная Беларусі згуляе 19-га студзеня з Нарвегіяй. Каб выйсці ў наступную стадыю, трэба заняць адно з першых трох месцаў у групе.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары