Беларусы незадаволеныя алімпійскай вёскай у Рыа


Беларускія алімпійцы скардзяцца на адсутнасць у нумарах гарачай вады і непрыбраныя пакоі.

«Паводле прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі, якія ўжо прыехалі ў Рыа, па-ранейшаму ў апартаментах адсутнічаюць гарачая вада, халодная падаецца з перабоямі, не працуе сістэма каналізацыі, падлогі патрабуюць прыбірання, як і шкло з лесвічнымі пралётамі», – адзначаецца на сайце Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.

Від з вакна пакою

Падлогі, якія патрабуюць прыбірання

Сістэма зліву ў душах не працуе

Раней дэлегацыя зборнай Аўстраліі адмовілася заязджаць у алімпійскую вёску з-за непрыдатных умоваў пражывання.

У аргкамітэце Алімпійскіх гульняў запэўнілі, што цягам некалькіх дзён усе недапрацоўкі будуць выпраўленыя, а каманды могуць быць размешчаныя ў іншых апартаментах.

Алімпійскія гульні ў Рыа-да-Жанэйра пройдуць з 5 па 21 жніўня 2016 года.

НМ, belsat.eu, фотаздымкі НАК Беларусі

Стужка навінаў