Беларусы нелегальна трымаюць зброю, каб падымаць самаацэнку


Пра гэта заявіў прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

«Аналіз крымінальных справаў сведчыць, што часцей за ўсё грамадзяне захоўваюць зброю і боепрыпасы з мэтай самасцвярджэння, узняцця ўласнай самаацэнкі, што, у сваю чаргу, навеяна заходнімі тэндэнцыямі. Яны мяркуюць, што гэта дадае ім адвагі і сілы, дазваляе пераадольваць страхі», – мяркуе прадстаўнік Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці.

Наразную агнявую зброю жыхары Гарадзеншчыны выкарыстоўваюць галоўным чынам для незаконнага адстрэлу дзікай жывёлы, паведаміў 17 лютага «Интерфакс-Запад» Сяргей Шаршаневіч.

«Праведзеныя ў межах расследавання крымінальных справаў судова-балістычныя экспертызы сведчаць, што сканфіскаваная ў грамадзянаў зброя, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы галоўным чынам трапляе да іх ад памерлых сваякоў, або яе знаходзяць у месцах баявых дзеянняў пачатку мінулага стагоддзя», – адзначыў прадстаўнік Следчага камітэту.

Паводле Шаршаневіча, большасць гарадзенцаў усё-ткі пазбаўляецца ад зброі ды боепрыпасаў, бо добраахвотная здача вызваляе ад крымінальнай адказнасці.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў