Беларус загінуў у Сірыі, ратуючы расейскіх вайсковых паліцэйскіх?


Смерць грамадзянаў Беларусі на чужых войнах будзе паўтарацца, калі кіраўніцтва краіны будзе дазваляць расейскай прапаганде дурыць беларусам галаву. Піша Алесь Гелагаеў.

У пачатку кастрычніка прапуцінская групоўка «Начныя ваўкі» паведамілі пра гібель беларускага сябра іхнага клубу Аляксея Ярашэвіча. Была названая дата смерці – 19 верасня. Вядома, што менавіта ў гэты дзень у Сірыі патрапіў у атачэнне і вёў цяжкі бой атрад расейскай вайсковай паліцыі.

Аляксей Ярашэвіч. Фота з суполкі «Начных ваўкоў» ува «уКантакце»

Афіцыйна пра месца гібелі 42-гадовага беларуса не паведамлялася, аднак ягоныя знаёмыя і сябры распавялі «Белсату», што Аляксей загінуў у Сірыі.

Ярашэвіч быў актыўным сябрам прапуцінскага байкерскага клубу, удзельнічаў нават у сілавых супрацьстаяннях з іншымі клубамі, магчыма, удзельнічаў у расейскай акупацыі і анексіі Крыму. Афіцыйна ён працаваў у прыватным ахоўным прадпрыемстве, якое было падкантрольнае кіраўніку «Начных валкоў» Аляксандру Залдастанаву.

Імаверна, праз гэтую фірму беларус і быў завербаваны на чужую вайну.

Сірыя. 19 верасня

Першая інфармацыя пра бой, у якім загінуў Аляксей Ярашэвіч, з’явілася ўжо 20 верасня. Распавёў пра падзеі начальнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Узброеных сілаў РФ генерал-палкоўнік Сяргей Рудскі.

Генерал-палкоўнік Сяргей Рудскі. Фота – з акаўнту Мінабароны РФ у «Фэйсбуку»

Згодна са словамі Рудскога, баевікі групоўкі «Джэбхат ан-Нусра» (у студзені ўвайшла ў групоўку Hay’at Tahrir al-Sham) і іншых атрадаў а 8-й раніцы 19 верасня пачалі маштабны наступ на пазіцыі войск сірыйскага дыктатара Башара Асада ў раёне на поўнач ад гораду Хама.

Пры гэтым баевікі выкарыстоўвалі не толькі пяхоту, але танкі і баявыя машыны пяхоты, а пайшлі ў бой пад прыкрыццём моцнага артылерыйскага абстрэлу. У Вікіпедыю гэтая падзея увайшла пад назвай «Наступ пад Хамай (верасень 2017 году)».

Баевікі-ісламісты арганізацыі Hay’at Tahrir al-Sham, якая ўдзельнічала ў наступе 19 верасня. Крыніца – twitter.com/thomasjoscelyn

Расейскі генерал сказаў, што по ягоных дадзеных, наступ баевікоў ініцыявалі амерыканскія спецслужбы, каб замінаць наступу войск Асада ў раёне гораду Дэйр-эз-Зор. Для чаго гэта амерыканцам, Рудскі не паведаміў.

У выніку магутнага наступу пазіцыі сірыйскіх войск былі прарваныя, і ў атачэнні апынуўся атрад расейскай вайсковай паліцыі, які некалькі гадзін адбіваў атакі праціўніка. Паводле звестак «Известия», гэта быў звяз батальёна вайсковай паліцыі з 42-й мотастралковай дывізіі, якая знаходзіцца на Паўночным Каўказе і ўдзельнічала ва ўсіх войнах у Чачні.

У апублікаваным пазней рэпартажы расейскага тэлеканалу «Рен-ТВ» адзначаецца, што ў атачэнні знаходзіліся таксама 15 байцоў Сілаў спецыяльных аперацый РФ.

Гарматнае мяса

Каб уратаваць расейскіх паліцэйскіх, якія знаходзіліся пад мінамётным абстрэлам, была арганізаваная так званая «група дэблакавання», куды, паводле афіцыйных звестак, увайшлі супрацоўнікі Сілаў спецыяльнага прызначэння РФ, расейскай вайсковай паліцыі і сірыйскія камандас.

Таксама баевікоў пачалі бамбіць і абстрэльваць ударныя верталёты і штурмавікі Су-25. У выніку атачэнне было прарванае, і паліцэйскія быццам бы без стратаў адступілі. Толькі трое расейскіх спецпрызначэнцаў былі параненыя.

Шлем расейскіх спецпрызначэнцаў, у які патрапіла куля падчас бою 19 верасня. Кадр з відэа Рен-ТВ

Такім чынам, Ярашэвіч мог быць у складзе нейкай неафіцыйнай групы расейскіх наймітаў і патрапіць пад каток наступлення баевікоў. Калі ягоная група не трымала фронт, а была залічаная ў склад групы дэблакавання, атрымліваецца, што генерал-палкоўнік Рудскі «забыўся» назваць усіх удзельнікаў ратавання расейскіх паліцэйскіх. І забыўся менавіта на тых людзей, якія панеслі незваротныя страты.

«У рэчаіснасці, гледзячы па ўсім, кінулі тое, што было пад рукой – наймітаў з прыватнай вайсковай кампаніі. І не без стратаў. Акрамя таго, нядаўна была інфармацыя пра пахаванне ў Дагестане вайсковага паліцыянта, які загінуў прыкладна ў тыя ж дні ў Сірыі, аднак без пазначэння месца гібелі», – адзначыў у сваім блоку расейскі незалежны эксперт па вайне на Бліжнім Усходзе Анатоль Несміян.

Толькі пачатак?

Наступ баевікоў адбыўся ўсяго праз некалькі дзён пасля таго, як 15 верасня ў Астане падпісалі пагадненне з тымі ж баевікамі пра спыненне баявых дзеянняў, адзначыла Мінабароны РФ на брыфінгу 20 верасня.

Масква зусім не паведамляе пра страты сваіх наймітаў у Сірыі, а пра страты вайскоўцаў, калі паведамляе, то з вялікім спазненнем, таму мы не ведаем сапраўднага маштабу ўдзелу Расеі ў наземнай аперацыі. Там ужо загінуў не адзін расейскі палкоўнік. Валер Асапаў у мінулым месяцы стаў першым генералам.

Валер Асапаў – яшчэ ў рангу генерал-маёра

Нядаўна з’явіліся і першыя відэа з расейцамі, якія патрапілі ў палон баявікоў-ісламістаў. Калі пачалі гінуць генералы – колькі кожны дзень гіне расейскіх шарагоўцаў ці расейскіх наймітаў?

Яшчэ адзін расейскі найміт, які загінуў у Сірыі 19 верасня 2017 года. Фота з форуму «Ніжні Ноўгарад»


У параўнанні з гэтым смерць беларускага грамадзяніна, які не лічыўся ў складзе расейскіх Узброеных сілаў і загінуў у Сірыі, для Масквы і маскоўскіх медыяў дробязь, не вартая ўвагі – жыццё, якое каштуе адну капейку.

Аднак можна быць упэўненым, што без належнага эканамічнага росту і без адпаведнай беларусацэнтрычнай інфармацыйнай палітыкі маргіналізаваныя і абалваненыя замежнай прапагандай беларусы яшчэ будуць гінуць у Сірыі, каб зарабіць пару тысяч долараў.

Аляксандр Гелагаеў

Глядзі таксама
Каментары