Беларусы чакаюць курсу долара ў Br 20 тысяч


Беларусы асцерагаюцца, што неўзабаве за адзін зялёны прыйдзецца заплаціць нават 20 тыс. рублёў. Пакуль – каля 18 тыс. І запэўніванні Аляксандра Лукашэнкі – усё стабільна, купляць валюту няварта. Хто паслухаў запэўніванні Аляксандра Лукашэнкі аб стабільнасці, кусае локці.

На сённяшніх гандляваннях долар усталяваў новы рэкорд. Паводле Нацбанку, афіцыйны курс цяпер 17 840 рублёў, эксперты прагназуюць, што на гэтым беларускі рубель не спыніць свайго падзення.

Толькі за мінулы месяц дэвальвацыя склала каля 15 %. У верасні падзенне працягнулася, і новага дна «зайчык» дасягнуў літаральна праз два дні пасля заяваў Лукашэнкі пра захаванне курсу на эканамічную стабільнасць.

«У нас стабільнасць у эканоміцы, асабліва ў сферы валютных дачыненняў, гэта нашае шчасце, гэта трэба захаваць», – казаў кіраўнік Беларусі.

Але беларусы перажылі за апошнія гады тры дэвальвацыі, а таму прызвычаіліся не давяраць тэлевізійным прамовам. Ужо ў жніўні нашыя суайчыннікі набылі валюты амаль у паўтара разу больш, чым прадал. Той, хто не паспеў, разводзіць рукамі.

ЖЫХАРЫ:

«На адпачынак ужо не паедзеш, дорага ўсё».

«Калі быў нейкі дэпазіт, ён адразу, калі перавесці ў долары, стаў нашмат менш».

«Усё роўна ён будзе хутка 20 тысяч, так што мне ўсё роўна, я ўжо гатовы».

Кіраўнік дзяржавы працягвае вінаваціць у праблемах гаспадаркі вонкавыя фактары, але незалежныя эксперты ўсё часцей звяртаюць увагу на правалы ўласнай эканамічнай палітыкі ўладаў Беларусі.

НХ, belsat.eu

Стужка навінаў