Беларусы будуць біцца за крышталь


Чэшская федэрацыя хакею прадставіла дызайн медалёў Чэмпіянату свету, які пройдзе ў Празе ды Астраве.
Аўтар праекту, чэшскі мастак Ольдрых Сладэк парушыў усе ўяўленні пра класічны медаль, не парушаючы рэгламенту Міжнародный федэрацыі хакея, згодна з якім узнагарода павінна мець мінімум 5 мл таўшчыні, 70 мл у дыяметры і важыць ня менш чым 200 г.

Чэх не быў бы чэхам, калі б не паздзекаваўся з самой дэфініцыі золата, срэбра і бронзы: новыя медалі будуць крышталёвымі. У эпоху глабалізацыі маленькая нацыя даказвае, што можна быць не падобным на іншых: пасля піва менавіта багемскае шкло і крышталь з’яўляюцца другім па папулярнасці ў свеце чэшскім таварам.

Аўтэнтычныя крышталёвыя камяні будуць адшліфаваныя і апраўленыя ў своеасаблівыя металічныя «пярсцёнкі» з гальванічнага металу. Залаты, срэбны і бронзавы кружкі будуць пакрытыя тонкім слоем золата, паладыю і ружовага золата адпаведна. Вытворчасцю прызавых камплектаў зоймецца буйнейшы экспарцёр чэшскага крышталю фірма Preciosa з шасцідзесяцігадовай гісторыяй.

За гэтыя трафеі беларускія хакеісты будуць весці барацьбу ў траўні на ČEZ-Арэне ў Астраве. Нацыянальныя зборная нашай краіны трапіла ў групу Б і распачне матчы папярэдняга этапу 2 мая гульнёй са Славеніяй.

Нагадаем, што беларускія медалі леташняга турніру, што прайшоў у Менску, былі класічнымі кружкамі таўшчынёй 12 мл са стылізаванымі элементамі беларускага арнаменту. Выканаўцамі замовы была адна з менскіх ювелірных майстэрняў, назва якой не разгалошвалася.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары