Беларусы адзначылі Дзяды ў Варшаве з Зянонам Пазняком. Далучыўся былы прэзідэнт

photo

Сёлетнія беларускія Дзяды ў Варшаве сталіся самымі шматлюднымі ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Беларускую грамаду прывітаў былы прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

Каля 80 чалавек сабралася па Паванзкоўскіх могілках у цэнтры польскай сталіцы, каб ушанаваць пахаванні дзеячаў, звязаных з беларускай зямлёю і культураю. Пераважала моладзь, некаторыя прыйшлі цэлымі сем’ямі.

Пра лёсы спачылых дзеячоў ды іхныя сувязі з нашаю Бацькаўшчынаю распавёў прысутным адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне», старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі-БНФ Зянон Пазняк.

Беларусы запалілі памятныя знічы на 8 магілах – кампазітара Станіслава Манюшкі; каханай Кастуся Каліноўскага, якой той прысвяціў свой перадсмяротны верш, Марылі Ямант; пачынальніка беларускай фатаграфіі Яна Булгака; паэта Вінцэся Каратынскага; складальніка шматтомнай працы «Люд беларускі» Міхала Федароўскага; кампазітара Мечыслава Карловіча; пісьменніка Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча, які паходзіў з Глыбоччыны, і вядомага ў Польшчы спевака Чэслава Немана.

«Зянон Пазняк адзначыў, звярнуўшыся да прысутных, што кожны народ мусіць памятаць пра тых, хто ствараў падмуркі гэтага народу. «Мы дасягнем поспеху, толькі стоячы на грунце таго, што зрабілі нашыя папярэднікі», – падкрэсліў лідар КХП-БНФ.

Узгадаў Зянон Пазняк і Курапаты, з адкрыцця праўды пра якія распачаўся шлях Беларусі да незалежнасці. «Курапаты, дзе пахавана каля 250 тыс. чалавек – гэта адныя з самых вялікіх могілак у свеце. Гэта ўнікальны некропаль, дзе ляжаць эліты нашага народу. Калі б тых людзей не забілі Беларусь была б іншай», – падкрэсліў дзеяч. Паводле яго, беларусы мусяць усвядоміць, што ўсе гэтыя пакуты былі не проста так, а дзеля нашай вольнасці.

Распавядаючы пра Міхала Федароўскага, які, будучы палякам, усёй душою прыкіпеў да беларускага фальклору, Зянон Пазняк заўважыў: каб стаць бліжэй да беларусаў, даследчык пачаў з вывучэння іх мовы, а пазней запісваў песні, прымаўкі показкі, не абмінаючы нікога – ні багацея, ні жабрака. «Гэта вельмі правільны метад, – заўважыў Зянон Пазняк. – Нацыя – гэта адзінства, гэта вялікая сям’я. У яе ўваходзяць усе – ад таго, хто ляжыць пад плотам, да святароў і кардыналаў. У нацыі няма лішніх. І нават калі нехта ляжыць пад плотам – гэта нашая бяда, мы маем абавязак дапамагчы гэтаму чалавеку».

Беларусы адзначаюць Дзяды ў Варшаве з 2004 года. «Усё пачыналася з таго, што проста некалькі чалавек ішлі на могілкі да беларускіх дзеячаў. Сёлета былі бадай самыя шматлюдныя беларускія Дзяды ў Варшаве, – адзначыў арганізатар першых беларускіх акцыяў ушанавання продкаў у польскай сталіцы Антось Цялежнікаў.

Ён заўважыў, што ў любым кутку свету варта не забывацца пра свае карані: «Гэтак склалася, што шмат хто з беларусаў пахаваны па-за Бацькаўшчынаю. Мы расцерушыліся па ўсёй планеце, сталіся гэткім сапраўдным «раскіданым гняздом», але прынамсі раз у год трэба схіліць голаў перад памяццю продкаў».

«Кожны год мы робім адкрыцці ўсё новых пахаванняў людзей, якія заслужыліся ў нечым перад Беларуссю. Проста мы досыць кепска ведаем сваю гісторыю, а яе сляды ўсюды навокал», – заўважыў старшыня Беларускай нацыянальнай памяці Анатоль Міхнавец. Сёлета прадстаўнікі гэтай ініцыятывы адкрылі ў Варшаве магілы паэта Вінцэся Каратынскага і кампазітара Мечыслава Карловіча.

Група беларусаў спаткала на Паванзкоўскіх могілках былога прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага, якія наведваў клады сваіх родных. Былы лідар Польшчы прывітаў беларусаў ды сфатаграфаваўся з Зянонам Пазняком. Калі пачуў пра Дзяды, то заўважыў: «Ведаю, ведаю пра гэтае старое свята. Адам Міцкевіч пра яго пісаў».

Некаторыя з палякаў, пабачыўшы беларускую сімволіку, казалі: «Жыве Беларусь!». «Жыве вечна!», – бадзёра адказвала моладзь.

Адна з элегантных варшаваняк, падышоўшы да хлопца, з матчынай чуласцю пагладзіла рукою бел-чырвона-белы сцяг. «Трымайцеся», – звярнулася яна да аднаго з маладзёнаў.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары