Беларусы адзначаюць Радаўніцу


Гэтае свята сыходзіць каранямі ў паганскія часы ўсходніх славянаў. У гэты дзень праваслаўныя наведваюць могілкі, моляцца пра спачын душ сваіх блізкіх і дзеляцца з імі радасцю аб уваскрэсенні Хрыста.

Паводле традыцыі, напярэдадні Радаўніцы рыхтаваліся стравы для памінання на могілкі, прычым колькасць страў павінна была быць няцотнай. Усё прыгатаванае складалася ў вялікую палатняную хустку, туды ж дадавалі асвячоныя на Вялікдзень фарбаваныя яйкі. Раніцай людзі ішлі ў царкву, паміналі блізкіх, а пасля абеду адпраўляліся на могілкі. Жанчынам над магіламі трэба было галасіць, а мужчынам – катаць асвячонае велікоднае яйка са словамі «Хрыстос уваскрэс». Затым усе моўчкі рассаджваліся вакол магілы і даставалі стравы. Урачыстая трапеза пачыналася з запрашэння нябожчыка. Пасля трапезы трохі ежы і пітва пакідалі для нябожчыкаў, астаткі ж раздавалі жабракам.

У цяперашняй Беларусі Радаўніца традыцыйна з’яўляецца непрацоўным днём. У Менску сёння значна павялічана колькасць аўтобусаў, што ідуць на могілкі ў Міханавічы, Калодзішчы, Чыжоўку, а таксама на Паўночныя і Заходнія могілкі.

МЛ, паводле Белапан

Глядзі таксама
Каментары