Беларусы абляцелі Зямлю на аднаматорным самалёце


Пілоты Андрэй Барысевіч і Аляксандр Цэнтэр завяршылі кругасветную вандроўку на самалёце «Cessna 182T Skylane», праляцеўшы 29 тысячаў кіламетраў.

Зямны шар яны абляцелі па паўночным кольцы, правёўшы ў шляху ледзь менш за месяц, у тым ліку 145 гадзінаў у паветры, і пераадолеўшы 29 тысяч кіламетраў.

У падарожжы пілоты наведалі 40 гарадоў у дзесяці краінах, перасеклі Атлантычны акіян. Мужчыны прызнаюцца, што ім пашанцавала: падчас усяго падарожжа трымалася добрае надвор’е, а асаблівых цяжкасцяў у паветры не было.

Андрэй Барысевіч і Аляксандр Цэнтэр. Фота – letim.by

У размове з «БТ» Аляксандр Цэнтэр, які выконваў ролю камандзіра паветранага судна, сказаў, што адным з найскладанейшых момантаў было ляцець, калі ў пілота кругасветкі Барысевіча была тэмпература +38.

«Ляцеў, не сачкаваў, не прапускаў», – кажа Цэнтэр.

Самая складаныя месцы – Атлантыка, Аляску і Чукотку – беларусы праляцелі без здарэнняў.

«Трыццаць дзён нейкі бясконцы драйв. Гэта два велізарных тэлевізара злева і справа: у мяне левае акно, у Андрэя – правае акно. Самая прыгожая, вядома, нашая краіна. Без усялякага перабольшання, яна сапраўды прыгожая », – дадаў Цэнтэр у размове з СТВ.

Найвялікшым сюрпрызам для вандроўнікаў было тое, як хутка ляціць час у падарожжы.

«Цэлы месяц праляцеў як тыдзень», – сказаў Барысевіч.

Пілоты ўжо задумаліся пра новую вандроўку – над экватарам або Паўднёвым полюсам.

Андрэй Барысевіч і Аляксандр Цэнтэр. Фота – letim.by

Аляксандр Цэнтэр – вядомы беларускі бізнесовец, кіраўнік групы кампаніяў «А-100», старшыня Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту. «А-100» рэканструяваў аэрапорт у Ліпках, які зараз мае ўсе магчымасці для абслугоўвання лёгкай авіяцыі

«Беларускія навіны» падаюць, што самалёт, на якім было здзейснена кругасветнае падарожжа, належыць яму.

Пілоты вялі дзённік кругасветкі на адмысловай інтэрнэт-старонцы.

ДД

Стужка навінаў