Беларускую мову ва Украіне назвалі сваім багаццем


Украінскія журналісты падалі беларускую мову як «перліну» сваёй краіны.

Украінская служба радыё «Свабода» прысвяціла адно з выданняў праграмы «Мы разам» («Ми Разом») моўнай разнастайнасці Украіны. Журналісты пабывалі на Палтаўшчыне, Букавіне, Прыкарпацці ды Прыазоўі, каб паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі ды запісаць іхную аўтэнтычную гаворку.

Мова – гэта музыка, заўважае вядоўца праграмы Ірына Штогрын. Паводле яе словаў, Украіна – гэта аркестр, дзе кожная вёска ды горад граюць на сваім інструменце.

Гэтак, прадстаўнікі радыё «Свабода» наведалі ансамбль «Дрэва» ў вёсцы Крачкіўка пад Палтаваю. Песня гэтага калектыву трапіла некалі ў славуты савецкі мультфільм «Жыў-быў сабака», у якім воўк прамовіў вядомую фразу: «Щас спою». Удзельнікі калектыву з гонарам распавялі пра моўныя асаблівасці ў сваім селішчы: у іх кажуць «ы» там, дзе ў літаратурнай украінскай мове стаіць «і»: «выл» замест «віл» (вол), «кыт» замест «кіт» (кот), «ныж» замест «ніж» (нож) і гэтак далей.

Народны філосаф Васыль Гаўрылавіч з букавінскага сяла Шыпінцы на мясцовай гаворцы патлумачыў з гумарам, чым адрозніваецца жанаты мужчына ад нежанатага: «Халасцяк жыве, як кароль, але памірае, як сабака пад плотам, бо ён самотны. А жанаты мужчына ўсё жыццё жыве, як сабака. Затое памірае, як кароль… Усе вакол яго стаяць ды чакаюць, калі сканае. Вось такая пятрушка».

Моўнае суквецце Украіны паказанае ў праграме не толькі праз розныя ўкраінскія гаворкі, але і праз іншыя мовы, на якіх размаўляюць ва Украіне.

Гэтак, блогерка Ірына Медушэўская з Адэсы, дзе шмат хто карыстаецца расейскай мовай, падкрэсліла: «Цана Адэсы – дамаўляцца. Ёсць заўсёды нейкія рэчы, якія яднаюць людзей. Шмат каму не падабаецца нешта ўкраінскае, а некаму недаспадобы нешта расейскае. Гэта такія радыкальныя штукі. Я гэтага не люблю. Мы любім Адэсу, і я мяркую, мы тут заўсёды дамовімся».

Сваю моўную адметнасць мае і паўночная частка Украіны, дзе людзі цекаюць ды дзекаюць. Беларускую мову з вуснаў 83-гадовай Марыі Ключнік з вёскі Алешня на Чарнігаўшчыне журналісты назвалі «перлінай» Украіны.

Спадарыня Марыя распавяла, што нарадзілася ў сяле Уладзіміраўка Чарнігаўскай вобласці. Скончыўшы 7 класаў, яна паехала ў пасляваенныя цяжкія гады працаваць у Гомель. «Я так гавару, як нашая мясцовасць гаворыць. Ад нас Беларусь блізка, дык у нас тут змешаная мова», – па-беларуску сказала карэнная нарадзінка Чарнігаўшчыны.

Маладзейшыя землякі, якія дапамагаюць спадарыні Марыі па гаспадарцы, распавялі, што «яна выгадавала чужых дзяцей, якія паразляталіся і забылі пра бабулю, што іх расціла», пэўна, маючы на ўвазе, што жанчына была замужам за ўдаўцом. Памочнікі беларускамоўнай бабулі з Украіны размаўляць ужо інакш – іхная гаворка перасыпаная ўкраінізмамі.

Украіна – шматгалосая, а кожны голас – вельмі важны, падкрэсліваюць стваральнікі праграмы «Мы разам». Мова – гэта не падстава для спрэчак, а інструмент, каб абʼядноўвацца.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў