Беларускія журналісты байкатуюць прадстаўнічую канферэнцыю ў Маскве


На думку прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў, «існуе высокая рызыка таго, што канферэнцыю Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ) скарыстаюць у прапагандысцкіх мэтах расейскія ўлады і ідэалагічна карумпаваныя масмедыя для ўзмацнення сваёй прапагандысцкай пазіцыі».

«Мы лічым канферэнцыю EFJ галоўнай падзеяй года ў свеце еўрапейскай журналістыкі. Таму ад імя сябраў нашай нацыянальнай арганізацыі мы выказваем нязгоду з правядзеннем гэтай канферэнцыі ў сталіцы дзяржавы, улады якой цягам апошняга часу мэтанакіравана спрыялі і спрыяюць разбурэнню этычных і прафесійных стандартаў журналістыкі», – гаворыцца ў адкрытым лісце праўлення БАЖ, якая прадстаўляе Беларусь у EFJ.

«На нашых вачах у расейскіх медыях адбываецца бессаромная падмена інфармацыйнай функцыі сродкаў масавай інфармацыі маніпулятыўнай і прапагандысцкай, – заяўляе БАЖ. — Беспрэцэдэнтная хваля дзяржаўнай прапаганды, якая абрынулася на жыхароў самой Расіі і ўсіх краін, куды маюць доступ расейскія СМІ, падрывае давер да медыйнага слова ўвогуле. Відавочна, што ўлады Расеі наўпрост стымулююць гэты ганебны працэс, публічна і масава адзначаючы дзяржаўнымі ўзнагародамі найбольш актыўных удзельнікаў руйнавання базавых прынцыпаў аб’ектыўнай журналістыкі».

«Мы смуткуем па расейскіх калегах, якія сталі ахвярамі неабвешчанай вайны, а таксама выказваем глыбокую павагу і салідарнасць з той часткай расейскай журналісцкай супольнасці, якая ў неверагодна складаных умовах трымаецца сёння праўды і прынцыпаў аб’ектыўнага асвятлення падзей. Мы ўражаныя іх мужнасцю і перакананыя, што прафесіяналізм і грамадзянская адказнасць дапамогуць ім вытрываць і вярнуць давер да друкаванага слова і голасу медыяў як у краіне, так і за яе межамі», — гаворыцца ў лісце праўлення БАЖ.

Пра няўдзел у маскоўскім форуме па стане на 17 верасня таксама абвясцілі Грузія, Венгрыя, Люксембург, Славенія, Украіна і Фарэрскія выспы. Афіцыйнага адказу пакуль што не далі Азербайджан, Бельгія, Балгарыя, Кіпр, Чэхія, Эстонія, Германія, Латвія, Македонія, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, паведамляе прэс-служба БАЖ.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары