Беларускія жанчыны зʼязджаюць на Захад, а мужчыны – у Расею і Украіну


У 2015 годзе з Беларусі з’ехала 5,4 тысяч мужчын і 4,4 тысячы жанчын, сведчаць дадзеныя Белстата. Прычым мужчыны з’язджаюць у маладзейшым узросце: большасць жанчын з’яжджаюць ва ўзросце 25-34 гадоў, большасць мужчын – 20-29 гадоў.

Найбольш прывабнымі для беларусаў апынуліся суседнія краіны – Расея, Украіна, Балтыйскія краіны. Пры гэтым з краін СНД да нас прыязджае больш, чым мы з’яжджаем да іх. З Захадам – наадварот.

Характэрна, што ў Еўропу больш актыўна з’язджаюць беларускія жанчыны. Часцеў за ўсё жанчыны эмігруюць у Аўстрыю, Нямеччыну, Нідэрланды, Чэхію, ЗША ды Ізраіль.

Што да замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь, – сярод іх пераважаюць мужчыны. З еўрапейцаў да нас часцей едуць літоўцы ды немцы.

Больш жанчын, чым мужчын у Беларусь прыехала з Расеі, Украіны і Казахстана.

Жанчыны ў Беларусі больш ахвотна выходзяць замуж за замежнікаў, чым мужчыны жэняцца на іншаземках. Летась у Беларусі заключылі 4 тысячы шлюбаў з жаніхамі-замежнікамі і 2,6 тысячы шлюбаў з нявестамі-іншаземкамі. Пры гэтым 91% замежных нявест паходзяць з Расеі, Украіны ды іншых краін СНД. У той час як значная частка жаніхоў прыехала з-за межаў СНД – 28%.

ДР belsat.eu паводле ej.by

Стужка навінаў