Беларускія вайскоўцы «цюнінгуюць» савецкую тэхніку з улікам досведу Украіны


Беларускія варыянты імправізаванага браніравання для бульдозераў. ВаенТБ Беларусі

У беларускай арміі дзейнічае афіцыйнае падраздзяленне, якое дапрацоўвае і тэстуе старую савецкую вайсковую і цывільную тэхніку – падвышаючы яе здольнасць выжыць пад варожым агнём, паведаміла ВаенТБ Беларусі.

Часам гэта вядзе да нараджэння сапраўдных франкенштэйнаў, якіх мы бачылі ў выкананні разнастайных фармаванняў сірыйскіх ці лівійскіх баевікоў. Часам афрыканска-арабская «народная творчасць» выглядае нават больш сур’ёзна.


Сірыйскі браніраваны бульдозер. Крыніца – https://shushpanzer-ru.livejournal.com

«На вучэнні механізаванага батальёна вайсковыя механікі даследуюць пытанні мадэрнізацыі тэхнікі, але перш за ўсё ў мэтых падвышэння жыццяздольнасці», – распавядае сюжэт ВаенТБ.

Такім чынам на базе як мінімум аднаго беларускага механізаванага батальёну разгорнута майстэрня-канструктарскае бюро, якое вучыцца ва умовах набліжаных да баявых мадыфікаваць свае машыны.

Падобным жа чынам былі вымушаны працаваць украінскія вайскоўцы і валанцёры – каб хоць неяк забяспечыць абарону часам проста тэхнікі цывільнага ўзору, якімі карысталіся і байцы добраахвотных батальёнаў, і вайскоўцы.

Варыянты «палявога» браніравання грузавікоў беларускай арміі. Кадр з відэа ВаенТБ Беларусі

«Могуць выкарыстоўвацца скрыні з пяском, мяхі з цэментам, мяхі з будаўнічай сыпучай сумессю, але таксама метал, краты плотаў», – распавядае афіцэр.

Існуючая паўсавецкая сістэма эканомікі не дае беларускай арміі дастатковай колькасці грошаў для аператыўнага абнаўлення парка бранетэхнікі, таму ў бліжэйшыя гады нашым жаўнерам у выпадку вайны прыйдзецца сустракаць ворага на грузавіках, баявых машынах пяхоты і бранетранспарцёрах, якія могуць стаць лёгкімі ахвярамі нават састарэлых гранатамётаў і стралковай зброі.

На палігоне інжынеры выпрабоўваюць дадатковую “браню” сапраўдным агнём зброі і адбіраюць найбольш перспектыўныя варыянты. Кадр з відэа ВаенТБ Беларусі

У выніку машыны пачынаюць выглядаць не надта прывабна, аднак, гэта павышае шанцы жаўнераў выжыць і працягнуць бой.

Ворагу будзе не да смеху

Канешне, часам варыянты мадэрнізацыі, якія вывучаюцца беларускімі вайсковымі тэхнікамі, выглядаюць смешна. Аднак, пакуль беларуская армія не атрымае новую тэхніку, ёй неабходна вучыцца ваяваць і выжываць на старой.

Тое, што ўкраінцам прыйшлося рабіць у разгар жорсткай вайны метадам спробаў і памылак, за якія прыйшлося плаціць крывёй, беларускія вайскоўцы даследуюць ужо зараз.

Украінскі бранетранспарцёр БТР-4 з антыкумулятыўнымі экраінамі. Крыніца – Pinterest

Вось меркаванне з супрацьлеглага боку – з боку расейскага баевіка, які ўдзельнічае ў вайне на Данбасе з 2014 году:

«Дарэчы, куча нашых ура-патрыётаў рагатала над «плотамі» з кратаў на ўкраінскай тэхніцы, пакуль не ўбачылі дакладна такія ж самыя, якія прыкрываюць кармавую частку «Арматы». РАПТАМ! Аказалася, што калі гэтая прымітыўная, здавалася б, канструкцыя выконваецца з акрэсленымі параметрамі, то яна цалкам эфектыўная супраць стандартных стрэлаў з РПГ… Я ўжо, здаецца, пісаў пра сітуацыю падчас Дэбалі [баёў пад Дэбальцава зімой 2015 году – АГ], калі шматлікія трапныя стрэлы з РПГ ва ўкраінскі БТР не змаглі падбіць машыну менавіта з-за такіх кратаў. Яшчэ пасмяемся?»

Беларуская БМП-2 з імправізаванай дадатковай «бранёй». ВаенТБ Беларусі

Вайсковае змаганне – гэта амаль заўсёды і бесперапыннае спаборніцтва мяча/снарада/ракеты і розных увасабленняў брані. Можна меркаваць, што нават калі беларускае войска атрымае цалкам новую тэхніку, і яе рана ці позна будуць абвешваць мяхамі з цэментам ці металічнымі кратамі, як толькі акажацца, што і гэтая тэхніка (як і любая іншая) не гарантуе экіпажу поўнай абароны.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары